wd wp Пошук:

Privilegium Minus

«Privilegium Minus» — патэнт аб асаблівых правах Аўстрыі і яе кіруючай дынастыі, выдадзены 17 верасня 1156 г. Фрыдрыхам I, імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі, які заклаў асновы незалежнасці Аўстрыйскай дзяржавы. Назва патэнта (у перакладзе з латыні — «Малы прывілей») узнікла як проціпастаўленне «Privilegium Maius» («Вялікага прывілею»), падробленаму дакументу канца XIV стагоддзя, паводле якога правы і свабоды Аўстрыі пашыраліся амаль да поўнай незалежнасці ад імперыі.

Патэнт «Privilegium Minus» быў выдадзены імператарам Фрыдрыхам I з мэтай урэгулявання працяглага канфлікту паміж дынастыямі Вельфаў і Бабенбергаў за ўладу над Баварыяй. Імператар у 1156 г. перадаў Баварыю главе дому Вельфаў Генрыху Льву, а ў якасці кампенсацыі Генрыху II Язамірготу зацвердзіў асобыя правы для аўстрыйскіх уладанняў апошняга.

Паводле «Privilegium Minus» Аўстрыя, якая раней была маркграфствам, павышалася да статусу герцагства. Прызнавалася, што Аўстрыя з’яўляецца спадчынным уладаннем дому Бабенбергаў, прычым у выпадку адсутнасці спадчыннікаў мужчынскага пола аўстрыйскія землі дазвалялася перадаваць па жаночай лініі. Гэта права было для таго часу выключным: паводле салічнага закона, прынятаму ў большасці княстваў імперыі, жанчыны не мелі права на спадчыну. Больш таго, «Privilegium Minus» прызнавала за герцагамі Аўстрыі права прызначэння сабе спадчынніка.

Патэнт таксама абвяшчаў Аўстрыю незалежнай ад Баварыі і пашыраў яе правы ў імперыі. Герцагу дазвалялася не наведваць імперскія рэйхстагі, акрамя тых, якія склікаюцца ў Баварыі. Ваенная дапамога імператарам абмяжоўвалася толькі выпадкамі, калі ваенныя дзеянні вядуцца каля аўстрыйскіх межаў.

Права атрымання ў спадчыну аўстрыйскіх земляў жанчынамі, дадзенае «Privilegium Minus», адыграла важную ролю ў барацьбе за карону Аўстрыі, якая разгарнулася пасля смерці ў 1246 г. герцага Фрыдрыха II, апошняга Бабенберга. У гэтай барацьбе ўдзельнічаў Герман VI, маркграф Бадэнскі, і Пржэмысл Отакар II, кароль Чэхіі. Урэшце аўстрыйскі прастол дастаўся Габсбургам.

У XVIII стагоддзі на падставе «Privilegium Minus» была выдадзена знакамітая «Прагматычная санкцыя» 1713 г., якая абвясціла спадчынніцай аўстрыйскіх земляў Марыю Тэрэзію. Узыходжанне Марыі Тэрэзіі на прастол у 1740 г. выклікала вайну за Аўстрыйскую спадчыну.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·1156
Катэгорыя·Гісторыя Аўстрыі