wd wp Пошук:

Эфект Ажэ

(a) электрон (або фатон) стварае вакансію на ўзроўні 1s і электрон з узроўню 2s запаўняе вакансію, пры гэтым энергія перадаецца на электрон 2p, які і «выбіваецца», у выніку ўтвараюцца дзве вакансіі на арбіталях 2s і 2p. (b) паказаны той жа працэс з дапамогай спектраскапічнай натацыі, KL1L2,3

Эфект Ажэ — з’ява, пры якой адбываецца запаўненне электронам вакансіі, утворанай на адной з унутраных электронных абалонак атама (вакансія ўзнікае шляхам «выбівання» іншага электрона рэнтгенаўскім выпраменьваннем, электронным ударам, у выніку ўнутранай канверсіі або электроннага захопу). Эфект Ажэ быў адкрыты ў 1925 годзе на аснове аналізу эксперыментаў у камеры Вільсана.

Пры «выбіванні» выпраменьваннем на ўнутранай электроннай абалонцы ўтвараецца вакансія. Такі стан няўстойлівы і электронная падсістэма імкнецца мінімізаваць энергію за кошт запаўнення вакансіі электронам з аднаго з вышэйшых узроўняў энергіі атама. Энергія, якая выдзяляецца пры пераходзе на ніжэйшы ўзровень, можа быць выпраменена ў выглядзе кванта характарыстычнага рэнтгенаўскага выпраменьвання, альбо перададзена трэцяму электрону, які вымушана пакідае атам. Першы працэс больш імаверны пры энергіі сувязі электрона, якая перавышае 1 кэВ, другі — для лёгкіх атамаў і энергіі сувязі электрона, якая не перавышае 1 кэВ.

Другі працэс называюць па імені яго адкрывальніка П’ера Ажэ — «эфектам Ажэ», а электрон, які вызваляецца пры гэтым, якому быў перададзены лішак энергіі, — Ажэ-электрон. Энергія Ажэ-электрона не залежыць ад энергіі ўзбуджальнага выпраменьвання, а вызначаецца структурай энергетычных узроўняў атама.

Пераход Костэра — Кроніга

Асаблівы выпадак Ажэ-эфекту, у якім вакансія запаўняецца электронам знешняга падузроўня той жа абалонкі, носіць назву пераходу Костэра — Кроніга. У выпадку, калі і эмітуемы электрон належыць да той жа абалонкі, эфект называюць суперпераходам Костэра — Кроніга. Эфект Костэра — Кроніга быў названы ў гонар нідэрландскіх фізікаў Дзірка Костэра і Ральфа Кроніга, якія адкрылі яго.

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Радыяхімія
Катэгорыя·Ядзерная фізіка
Катэгорыя·Атамная фізіка