Эдвард Пятровіч Рожка (4 мая 1936, в. Андрэеўцы, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць — 2017) — работнік сельскай гаспадаркі (брыгадзір, загадчык вытворчага ўчастка), Герой Сацыялістычнай Працы (1976).
Пасля заканчэння сярэдняй школы быў прызваны ў армію. Служыў у Ваенна-марскім флоце. Пасля звальнення ў запас працаваў у сельсавеце вёскі Андрэеўцы, затым узначальваў мясцовае аддзяленне сувязі. У 1965 годзе скончыў курсы брыгадзіраў сельскай гаспадаркі і ўзначаліў паляводчую брыгаду, а потым вытворчы ўчастак калгаса «Светлы шлях» у сяле Паляны Смаргонскага раёна. У 1974 годзе атрымаў дыплом Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Актыўна ўкараняў у вытворчасць новыя гатункі ячменю і жыта, выкарыстоўваў дасягненні навукі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 снежня 1976 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую працоўную доблесць у выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў у 1976 г. Эдварду Пятровічу Рожку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1973, 1976), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), «Знак Пашаны» (1971), медалямі.