Эвеліна Данілаўна Блінава (28 снежня 1930, Мінск — 25 жніўня 2011) — беларуская мовазнаўца і педагог; кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Актыўны сябар ТБМ імя Ф. Скарыны.
Нарадзілася ў 28 снежня 1930 года ў Мінску ў сям’і настаўніцы і партыйнага работніка. У чэрвені 1941 года лячылася ў дзіцячым санаторыі ў Друскеніках. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяцей з санаторыя вывезлі цягніком. Закончыла сярэднюю школу ў мястэчку Вялікая Бераставіца на Гродзеншчыне (1948), філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта (1953), аспірантуру пры кафедры беларускай мовы гэтага ўніверсітэта. Абараніла кандыдацкую дысертацыю «Парны лік назоўнікаў у гісторыі беларускай мовы» (1963).
Пяцьдзесят гадоў сваёй навукова-выкладчыцкай дзейнасці аддала БДПУ імя Максіма Танка. Больш за трыццаць гадоў яна кіравала студэнцкім навуковым гуртком «Беларуская дыялекталогія», распрацавала тэматыку студэнцкіх даследаванняў па пытаннях дыялектнай мовы.