wd wp Пошук:

Шылахвостка

Шылахвостка (Anas acuta) — від птушак з сямейства качыных (Anatidae).

Апісанне

Велічыня шылахвосткі — ад 52 да 70 см, вага ад 700 да 1200 г. Размах крылаў — 85 см. У шылахвосткі маецца востры хвост (ад яго паходзіць назва птушкі), які нагадвае шыла і дасягае у самцоў 10 см. Гукі, якія выдае шылахвостка, нагадваюць рохкання. Вочы ў яе чорныя, дзюба афарбаваная ў шэры колер, таксама як і лапкі. Апярэнне ў самак мае бурыя ўзоры і ў цэлым менш характэрнае. У самцоў карычневая галава, апярэнне з белымі ўзорамі, белая шыя, белыя грудзі і белы жывот.

Распаўсюджанне

Шылахвостка распаўсюджаная амаль ва ўсім паўночным паўшар’і. Многія птушкі зімой адлятаюць на поўдзень у больш цёплыя краю. Шылахвостка аддае перавагу жыць у плыткіх і багатых расліннасцю ціхіх вадаёмах.

Харчаванне

Шылахвостка сілкуецца галоўным чынам воднымі раслінамі. Таксама ў яе ежу ўваходзяць смаўжы, насякомыя і іх лічынкі.

Размнажэнне

Перыяд спарвання доўжыцца ад красавіка да ліпеня. Палавая спеласць надыходзіць ва ўзросце года. Высланае пухам гняздо будуе самка паблізу ад вады і, як правіла, схавана ў густой расліннасці. Самка адкладае ад шасці да дванаццаці буйных яек светлазялёнага колеру, якія яна наседжвае на працягу трох тыдняў, пакуль не вылупяцца птушаняты. Праз сем тыдняў пасля нараджэння птушаняты пачынаюць лятаць.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Качыныя
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе