wd wp Пошук:

Шчодры вечар

Шчодры вечар (Шчодрык, Шчодрая куцця, Багатая куцця[1], Куцця з каўбасой, Куготы, Каза, Конiкi, Сільвестр, Куцця святого козліка) — народнае свята славян; вечар напярэдадні (Старога) Новага года 31 снежня (13 студзеня). Ва ўкраінцаў, беларусаў і на поўдні Расіі больш распаўсюджана назва Шчодры вечар, у цэнтральнай Расіі і на поўначы — Васілёў вечар. Святкаванне яго адбываецца ад старажытнага, верагодна, дахрысціянскага звычаю. Паводле хрысціянскага календара — гэта таксама дзень прападобнай Мелані (Меланкі, Маланкі, Міланкі).

Народныя звычаі

Прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы; калі ідзе снег і мяцеліца, то будуць раі (Магілёўская губерня)[2].

Шчадравалі пад вокнамі і ў хатах, дзе славілі гаспадароў. Вадзілі «казу» («кабылку», «вала», «тура», «мядзведзя», «жорава») і спявалі песні, галоўнай з якіх з’яўлялася «Го-го-го, каза». Шчадроўныя песні адрозніваліся ад калядных у асноўным рэфрэнам. Хадзілі па хатах і са Шчодрай — прыбранай дзяўчынай. Адзін з нешматлікіх дзён у народным календары, што амаль не зведаў хрысціянскага ўплыву, захаваў дамінуючы язычніцкі змест. Культ вады, ахвяраванне гусі, пераднавагодняя куцця, варажба, Шчодра, ваджэнне «казы» — вось складнікі язычніцкага святкавання[3].

У маскоўскім Стаглаве ўпамінаюцца як «бясоўскія ігрышчы» тры калядныя куцці (глава 92): «Еш,е ж и пьянствомъ подобне же сему творять во днЬхь и въ навечерии Рождества Христова, и въ навечерии Василия Великаго, и въ навечерии Богоявления»[4].

У краінах Еўропы таксама папулярнымі вобразамі святаў, звязаных з Ражаством, з’яўляюцца певень, каза, свіння і інш. Скандынаўскія народы выкарыстоўваюць ва ўпрыгожаннях ёлкі ў якасці падарункаў фігуркі казла і свінні, а таксама пеўня, голуба і інш. Шырока распаўсюджана ў свеце маска каня.

У Польшчы таксама вадзілі «туроня», «бацяна», «мядзведзя», «воўка», «арла», «пеўня», «вала», «барана». Існуюць розныя погляды на язычніцкую аснову гэтых персанажаў.

Калядныя святы ў Румыніі заканчваліся абрадам хаджэння дарослых з «казой», «аленем» і фантастычнай птушкай[5].

Супастаўленне ўкраінскіх і рускіх калядак, як сцвярджаюць даследчыкі У. Чычараў, А. Патабня, У. Проп, уплыў царквы на іх, хрысціянізацыя ў велікаросаў была слабейшай, у маларосаў — больш моцнай[6]. Але па прызнанню таго ж Пропа, у рускіх вобраз казы, які, несумненна, больш архаічны, захаваўся слаба, а «быў больш распаўсюджаны ў беларусаў». X. Яшчуржынскі выказваў думку, што абрад уяўляе «сімвалічнае ганараванне жывёльнага бога Велеса». Е. Карскі выказваў думку, што абрад ідзе ад «сатурскіх вобразаў язычніцкіх Румалляў», запазычаны са Старажытнага Рыма.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Этнаграфiя Бнларусi. Мінск, 1989. С. 491, 542
  2. Дембовецкий А. С. Опыт описания Могилёвской губернии. — Могилёв-на-Днепре, 1882
  3. Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002. — С. 46.
  4. Сказания русского народа, собранные Иваном Петровичем Сахаровым — СПб., 1895.
  5. Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. — Минск, 1973
  6. Пропп В. Я. Русские аграрные праздники: Опыт историко-этнографического исследования. — Л., 1963
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Народны каляндар усходніх славян
Катэгорыя·Культура Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Святы 13 студзеня
Катэгорыя·Славянскія святы
Катэгорыя·Святы паводле алфавіта
Катэгорыя·Беларускія народныя святы