wd wp Пошук:

Чаротаўка балотная

Acrocephalus palustris

Чаротаўка балотная, чараця́нка балотная (Acrocephalus palustris) — птушка сямейства валасянкавых атрада вераб’нападобных.

Апісанне

Даўжыня цела 13-15 см, размах крылаў 18-21 см, маса 11-12 г. Апярэнне спіны аліўкава-бурае (рыжы колер адсутнічае), брушка і спад крылаў глініста-вохрыстыя. Ногi ружаватыя. Вельмi падобная да трысняговай чаротаўкі (асаблiва маладыя), адрознiваецца спевам i суадносінамі даўжыні махавых. Спеў няспешная скорагаворка з хрыплымi тонамi, а таксама з мноствам iмiтацый iншых вiдаў; крык адрывісты, часты.

Пашырэнне

Пашырана ў Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. На Беларусі адзін з самых шматлікіх сярод чарацянак гняздоўных пералётных відаў. У Альпах даходзiць да 2100 м, ва ўсходняй Грэцыi — 3000 м над у.м.[1]

Селіцца на адкрытых лугах з асобнымі дрэвамі і групамі кустоў, курцінамі высакатраўя па берагах рэк, азёр, ручаёў, каналаў, на ўзлесках, зарастаючых высечках, у запушчаных садах і парках.

Зімуе ва Усходняй і Паўднёвай Афрыцы.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца дробнымі насякомымі: жукамі (лістаедамі, даўганосікамі), мухамі, камарамі, голымі вусенямі матылёў, восенню зрэдку ягадамі.

Гняздо цылiндрычнае, падвешанае ў густой зялёнай расліннасці (крапіве, вятроўніку, хмелі, спірэі) на адлегласці не больш як 1,5 м ад краю; заўсёды над сушай (а не над вадой) злёгку аплятае сцябліны раслін (звычайна 0,35-1,0 м над зямлёй).

Яйкі (3-5, часам 6-7) бела-зеленаватыя або бела-зеленавата-блакітныя, часам светла-шэрыя. Глыбокія плямкі, кляксы i мазкi светла-шэрыя (часам з блакітнаватым адценнем) або алiўкава-зялёныя), часта іх больш на шырокім канцы; паверхневыя – шэра-аліўкавыя i з чарнаватымi крапінкамi.

Зноскі

  1. ptushki.org

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Валасянкавыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1798 годзе
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта