wd wp Пошук:

Фёдар Спірыдонавіч Шымкевіч

Фёдар Спірыдонавіч Шымкевіч (1802—1843) — беларускі, украінскі і рускі мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч.

Біяграфія

Ф. С. Шымкевіч (псеўданім Фёдаръ Косцяша) нарадзіўся 15 лютага 1802 г. у Магілёве. У сувязі з нашэсцем напалеонаўскай арміі сям’я эвакуіравалася ў Варонеж. Тут ён скончыў духоўную семінарыю, а ў 1827 г. — Кіеўскую духоўную акадэмію, дзе атрымаў ступень магістра багаслоўя і славесных навук. Працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, намеснікам бібліятэкара Кіеўскай духоўнай акадэміі, столаначальнікам гаспадарчага дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў у Пецярбургу, членам Прыказа грамадскага апекавання ў Кіеве. Памёр 3 красавіка 1843 г. [1]

Навуковая дзейнасць

Ф. С. Шымкевіч глыбока вывучаў старажытныя і сучасныя мовы, бо паставіў сабе за мэту стварыць этымалагічны слоўнік, у якім было б паказана паходжанне слоў рускай, беларускай, украінскай і іншых славянскіх моў. Ён ведаў старажытнагрэчаскую, лацінскую, старажытнаяўрэйскую, стараславянскую мовы, новыя заходне- і паўднёваславянскія, некалькі германскіх, раманскіх і індаіранскіх. У 1840 г. вучоны прадставіў у Пецярбургскую Акадэмію навук чарнавы варыянт сваёй працы «Караняслоў рускай мовы, параўнанай з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі», якую станоўча ацаніў акадэмік А. Х. Вастокаў. Дзякуючы маральнай і матэрыяльнай падтрымцы Акадэміі навук аўтар дапрацаваў рукапіс «Караняслова» і ў канцы 1842 г. выдаў яго ў 2 частках. У 1378 артыкулах гэтага слоўніка паказана ўтварэнне розных слоў ад першапачатковых лексічных каранёў (адсюль і назва кнігі). Сярод гэтых утварэнняў упершыню пададзена больш за 880 беларускіх слоў (з паметай «літоўска-рускае»): вір, грамада, бліскавіца, зязюля, воміг, квяліць, вітаць, сцяць, шчыры. На кожныя 3 слоўнікавыя гнязды «Караняслова» прыпадае ў сярэднім па 2 беларускія словы. Гэтым беларускі вучоны-самародак зрабіў прыкметны крок на шляху параўнальна-гістарычнага вывучэння роднасных славянскіх моў, і, па сутнасці, стварыў першы этымалагічны слоўнік з выкарыстаннем беларускіх матэрыялаў.[2]

Ф. С. Шымкевіч даследаваў старарускія летапісы і іншыя помнікі рускай, беларускай і ўкраінскай моў і літаратур. Зямляк і сябар Ф. С. Шымкевіча вучоны І. П. Барычэўскі, які прыводзіў у парадак паперы яго пасля смерці ў Пецярбургу, быў здзіўлены, што «ўсе амаль рукапісы складаліся са слоўнікаў і каранясловаў моў, самых аддаленых паміж сабой, напрыклад, санскрыцкай і беларускай».

Сярод рукапіснай спадчыны Ф. С. Шымкевіча — «Збор устарэлых славянарускіх слоў» (563 старонкі), праект укладання «Слоўніка славянскіх гаворак» (захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу), слоўнікі ўкраінскай, сербскахарвацкай, верхнялужыцкай, гоцкай і славенскай моў, «Нямецкая граматыка» і іншыя працы. Ёсць важкія меркаванні, што Ф. С. Шымкевіч — аўтар такіх цікавых рукапісаў, як «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай) гаворкі» (больш за 3000 слоў, зберагаецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Беларусі ў Мінску) і «Слоўнік украінскай гаворкі» (захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу). Шэраг дакументаў, якія маюць дачыненне да Ф. С. Шымкевіча, захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Кіеве.[3]

Працы

Зноскі

  1. http://catalog.library.mogilev.by/kray/Znak_new/mogreglib/38.htm
  2. Энцыклапедыя «Беларуская мова», Мінск, 1994 г., с.667
  3. https://bis.nlb.by/ru/documents/135512
Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Выпускнікі Варонежскай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Пахаваныя ў Аляксандра-Неўскай лаўры
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Магілёве
Катэгорыя·Выпускнікі Кіеўскай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Асобы