wd wp Пошук:

Фларэнтыйскае герцагства

Фларэнтыйскае герцагства (італ.: Ducato di Firenze) — сярэднявечная дзяржава, якая існавала ў Італіі з 1532 па 1569 гады.

Пасля таго, як Фларэнцыя ў 1530 годзе была ўзята імперскімі войскамі падчас вайны Каньякскай лігі, імператар Карл V ліквідаваў там рэспубліканскую форму кіравання і зрабіў Медычы спадчыннымі кіраўнікамі Фларэнцыі. Новым кіраўніком Фларэнцыі стаў Алесандра Медычы, які ў 1532 годзе атрымаў ад імператара тытул «герцага Фларэнтыйскага».

Алесандра апынуўся настолькі дрэнным кіраўніком, што ўжо ў 1535 годзе да Карла V прыбыла дэлегацыя знатных фларэнтыйцаў з просьбай пазбавіць таго герцагскага тытула. Пасля таго, як Карл V адмовіўся гэта зрабіць, Алесандра ў 1537 годзе быў забіты сваім далёкім сваяком. З прычыны таго, што афіцыйных спадчыннікаў у яго не было, то новым герцагам Фларэнцыі стаў прадстаўнік бакавой лініі Медычы — Козіма I.

Даведаўшыся пра смерць Алесандра, прадстаўнікі сям’і Строцы, якія таксама даводзіліся яму сваякамі, паспрабавалі прыбыць з войскамі і захапіць уладу, але Козіма адправіў ім напярэймы сілы на чале з Алесандра Вітэлі, які разбіў прэтэндэнтаў каля крэпасці Мантэмурла. Імператар Карл V прызнаў Козіма герцагам Фларэнтыйскім у абмен на дапамогу ў чарговай Італьянскай вайне. Гэта дапамога дазволіла дамагчыся вываду з Фларэнцыі імперскага гарнізона і атрымаць столькі незалежнасці, колькі было магчыма ва ўмовах іспанскага панавання ў Італіі.

У 1548 годзе Козіма набыў у Генуэзскай рэспублікі востраў Эльба, дзе стаў базіравацца новаствораны фларэнтыйскі флот.

Падчас апошняй з Італьянскіх войнаў Фларэнтыйскае герцагства выступіла на боку Свяшчэннай Рымскай імперыі супраць Францыі і Сіенскай рэспублікі і, разбіўшы ў 1554 годзе сіенцаў у бітве пры Марчыяна, па выніках вайны далучыла да сябе тэрыторыю Сіены.

У 1569 годзе Папа Пій V зрабіў Козіма «вялікім герцагам Тасканскім».

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Зніклі ў 1569 годзе
Катэгорыя·Гісторыя Фларэнцыі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1532 годзе
Катэгорыя·Італьянскія дзяржавы