Уладзіслаў Аляксандравіч СТАРЭВІЧ (Владислав Старевич, Wladyslaw Starewicz, Ladislas Starewitch; 8 жніўня 1882, Масква — 26 лютага 1965, Фантэн дэ Буа паблізу Парыжа) — рэжысёр.
Нарадзіўся ў польскай шляхецкай сям’і. У 1886—1909 г. жыў у Коўна. У 1909 г. быў запрошаны на працу ў кінафірму А. Ханжонкава. Заснавальнік расійскага мультыплікацыйнага кіно. У 1911 г. адкрыў тэхнічны прынцып аб’ёмнай анімацыі. У 1920 г. уехаў у Італію разам з групай акцёраў ММТ па запрашэнні фірмы «Ікарус-Фільм», затым — у Францыю, дзе займаўся аб’ёмнай мультыплікацыяй, стварыў 30 мастацкіх твораў і каля 20 рэкламных ролікаў. У 1930 г. паставіў першую ў гісторыі сусветнага кіно поўнаметражную аб’ёмную мультыплікацыйную экранізацыю паэмы Гётэ «Рэйнеке-Ліс» — «Раман пра лісу».