У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Камароў.
Камароў Уладзімір Міхайлавіч (16 сакавіка 1927 — 24 красавіка 1967) — лётчык-касманаўт СССР, інжынер-палкоўнік. Двойчы Герой Савецкага Саюза (19.10.1964 і 24.4.1967).
Член КПСС з 1952 г. Скончыў Маскоўскую спецшколу Ваенна-Паветранных Сіл (1945), Батайскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча імя А. К. Сярова (1949), Ваенна-паветраную акадэмію імя Н. Я. Жукоўскага (1959). З 1960 г. у атрадзе касманаўтаў. 12—13.10.1964 упершыню ў свеце разам з навуковым супрацоўнікам Д. П. Феакціставым і ўрачом Б. Б. Ягоравым здзейсніў палёт на шматмесным касмічным караблі «Узыход-1» у якасці камандзіра карабля. Другі палёт здзейсніў 23—24.4.1967 на касмічным караблі «Саюз-1». Загінуў падчас пасадкі з-за адмовы парашутнай сістэмы. Пахаваны на Чырвонай плошчы ў Маскве.