wd wp Пошук:

Тэрэза Альсхамар

Малін Тэрэза (Тэрэзэ) Альсхамар (швед. Malin Therese Alshammar; нар. 26 жніўня 1977, Сольна, Стакгольм) — шведская плыўчыха, трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў 2000 года, шматразовая чэмпіёнка свету, Еўропы і Швецыі, рэкардсменка свету.

Першая ў гісторыі жанчына, якая выступала ў плаванні на шасці Алімпійскіх гульнях (сярод мужчын такіх спартсменаў двое).

Біяграфія

Першай спецыялізацыяй Альсхамар было плаванне на спіне. У 14 гадоў выйграла званне чэмпіёнкі Швецыі па плаванні на дыстанцыі 50 метраў на спіне. На чэмпіянатах свету ж яна пакуль заставалася па-за пастаментам. На першых сваіх Алімпійскіх гульнях 1996 года ў Атланце выступіла ў адной асабістай дыстанцыі (100 м на спіне) і ў эстафеце 4 × 100 метраў комплексным плаваннем, але ў абодвух выпадках не змагла трапіць у фінал.

У 1997 годзе Тэрэза пераязджае ў ЗША ва Універсітэт Небраска ў Лінкальне. Там пад кіраўніцтвам новага трэнера Кала Бенца Альсхаммар мяняе спецыялізацыю, перайшоўшы з плавання на спіне ў вольны стыль і батэрфляй. Вынікі адразу пайшлі ўверх. На Алімпійскіх гульнях у Сіднеі шведская плыўчыха выйграла тры медалі: два срэбры на дыстанцыях 50 і 100 метраў вольным стылем, а таксама бронзу ў эстафеце 4 × 100 метраў вольным стылем. У асабістых відах шведка саступала толькі галандцы Інзе Дэ Бруін.

У гэтыя ж гады Альсхамар стала гераіняй двух чэмпіянатаў свету на кароткай вадзе ў Афінах (2000) і Маскве (2002). На гэтых чэмпіянатах Тэрэза заваявала па 4 залатыя медалі на кожным. Усяго ў кар’еры Альсхамар 2 залатыя, 5 срэбных узнагарод і 1 бронзавы сусветных першынстваў на доўгай вадзе і 10 залатых, 3 сярэбраныя, 4 бронзавыя на кароткай вадзе. Да таго ж у Афінах Альсхамар пабіла свой жа сусветны рэкорд у кароткіх басейнах на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем, які пратрымаўся пасля гэтага больш за 7 гадоў.

У Афінах на Алімпійскіх гульнях 2004 года Альсхамар вырашыла выступаць толькі на адной індывідуальнай дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. На тры прызавых месцы з аднолькавай верагоднасцю прэтэндавала 5 спартсменак. У выніку лёс прызавых месцаў вырашыў фінішны дотык. Альсхамар засталася чацвёртай, саступіўшы другога месца 4 сотых секунды, а трэцяму ўсяго толькі 2 сотых.

Алімпійскія гульні 2008 года ў Пекіне не прынеслі Альсхамар поспеху. На кароннай дыстанцыі 50 м шведка засталася за бортам фіналу, стаўшы толькі 14-й, а ў эстафеце 4 × 100 м вольным стылем шведская зборная на чале з Альсхамар спынілася на 11-м месцы.

У 2010 годзе Альсхамар у чарговы раз стала ўладальніцай Кубка свету і чэмпіёнкай свету ў Дубаі па плаванні на кароткай вадзе.

На чэмпіянатах Еўропы па водных відах спорту Тэрэза за кар’еру заваявала 21 медаль (10 залатых, 7 сярэбраных і 4 бронзавыя). Пры гэтым 8 узнагарод шведка выйграла на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем на 8 чэмпіянатах запар (1997—2010) — 4 залатыя, 2 сярэбраныя і 2 бронзавыя. На чэмпіянатах Еўропы па плаванні на кароткай вадзе на рахунку Тэрэзы 15 залатых, 5 сярэбраных і 2 бронзавыя ўзнагароды.

На чэмпіянатах Швецыі пачынаючы з 1991 года Тэрэза выйграла больш за 70 залатых узнагарод.

У дадзены момант Альсхаммар з’яўляецца ўладальніцай сусветнага рэкорду на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем у 50-метровым басейне (25,07 с) і ў 25-метровым (24,38 с).

Завяршыла кар’еру ў лістападзе 2016 года пасля выступлення на спаборніцтвах у Стакгольме.

Зноскі

  1. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 20 ліпеня 2016.
  2. Therese Alshammar // ČSFD — 2001.
Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Сярэбраныя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 2000 года
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Плыўцы на летніх Алімпійскіх гульнях 2008 года
Катэгорыя·Выпускнікі Універсітэта Небраскі-Лінкальна
Катэгорыя·Нарадзіліся ў лене Стакгольм
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Стакгольме
Катэгорыя·Чэмпіёны свету па плаванні
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Плыўцы на летніх Алімпійскіх гульнях 2012 года
Катэгорыя·Плыўцы на летніх Алімпійскіх гульнях 2000 года
Катэгорыя·Плыўцы на летніх Алімпійскіх гульнях 2004 года
Катэгорыя·Плыўцы на летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 жніўня
Катэгорыя·Бронзавыя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 2000 года
Катэгорыя·Плыўцы на летніх Алімпійскіх гульнях 1996 года
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1977 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Чэмпіёны Еўропы па плаванні
Катэгорыя·Плыўцы Швецыі
Катэгорыя·Спартсмены паводле алфавіта