Тучынка, Тучынскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска ў паўночна-заходняй частцы горада, размешчаная з паўночнага боку Ракаўскага шляху. Прадмесце было знакаміта вялікай колькасцю цагельных заводаў, таму яго часта называлі Цагельняй[1].
На паўднёвым захадзе ад Тучынкі месціцца Мядзведжына, на поўначы — Кальварыя, па паўночным усходзе — Татарская Слабада, на паўднёвым усходзе — Раманаўская Слабада[2][3].
Назва ўрочышча Тучынка сведчыла пра наяўнасць у гэтай мясцовасці значнай колькасці невялікіх азёраў і сажалак[4].
У пачатку XX ст. Тучынка ўваходзіла ў пятую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзіў Ракаўскі трак[5].
У часе нямецкай акупацыі ў Тучынцы адбываліся масавыя расстрэлы яўрэяў.
У цяперашні час на тэрыторыі былой Тучынкі праходзіць Тучынскі завулак, які злучае вуліцы Кальварыйскую і Максіма Танка. Пра існаванне прадмесця нагадвае Тучынскі сквер.
У 2009 годзе Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліц Харкаўскай — Берута — Верашчагіна — жылой забудовы назвы «Тучынскі»[6].