Тотыла — кароль остготаў, кіраваў у 541—552 гадах.
Сын брата Ільдэбада. Камандуючы гарнізонам у Тарбезіі (суч. Трэвіза), і даведаўшыся пра забойства дзядзькі, Тотыла рыхтаваўся здацца візантыйцам, калі готы, незадаволеныя слабым Эрарыхам, абралі яго каралём у 541 годзе, верагодна, у кастрычніку. Неўзабаве забойства Эрарыха пазбавіла Тотылу ад гэтага суперніка. Дарэчы, магчыма, што Тотылу — мяркуючы па легендах на манетах і некаторых літаратурных крыніцах — на самай справе звалі Бадуіла, што значыць «Барэц» або «Баец».
Тотыла (хутчэй у 542, чым у 543 годзе) наведаў Святога Бенедыкта ў Монтэ Касіна, але паданне так сказіла гэты факт, што немагчыма сказаць, якую мэту ён пры гэтым пераследваў. Па сведчанні аўтографа папы Рыгора Вялікага, Святы Бенедыкт прадказаў Тотылу тэрмін яго праўлення і дату яго смерці.
Узначаліў барацьбу остготаў супраць Візантыі, якая імкнулася заваяваць остгоцкае каралеўства ў Італіі. Залучаў у сваё войска беглых рабоў і калонаў, даваў ім свабоду; канфіскоўваў землі рымскай арыстакратыі і хрысціянскай царквы, раздаваў іх сваім воінам. Атрымаў шэраг перамог над візантыйскімі войскамі: у 546 узяў Рым, адваяваў большую частку Італіі, Сіцылію, Сардзінію і Корсіку. У 552 у бітве каля Тагіна армія Тотылы разгромлена, а ён смяротна паранены.