wd wp Пошук:

Тасійская культура

Тасійская культура — найстаражытная з археалагічных культур дадынастычнага перыяду на тэрыторыі Верхняга Егіпта, якая існавала каля 4500 г. да н.э.[1]

Назва культуры паходзіць ад мясцовасці Дэр-Таса на ўсходнім беразе Ніла паміж гарадамі Асьют і Ахмім, дзе былі знойдзены пахаванні гэтай культуры.

Тасійская культура стварыла характэрную «кераміку з чорным верхам». Гэта была чырвона-карычневая кераміка, верх і ўнутраная паверхня якой былі выфарбаваны ў чорны колер.[2] Гэта кераміка адыгрывае важную ролю ў датаванні дадынастычнага Егіпта. Паколькі ўсе даты, звязаныя з дадынастычным перыядам, з’яўляюцца меркаванымі, Фліндэрс Пітры распрацаваў сістэму, якую ён назваў «датаванне паслядоўнасці(англ.) бел.», з дапамогай якой можна ўсталяваць калі не абсалютную, то прынамсі адносную дату для любога з помнікаў дадынастычнага перыяду на падставе формы ручак керамікі.

Па меры развіцця дадынастычнага перыяду ручкі керамічнага посуду развіваліся ад функцыянальных да арнаментальных, і наяўнасць у тым ці іншым археалагічным помніку керамікі з функцыянальнымі ці арнаментальнымі ручкамі можа адыгрываць важную ролю ў датаванні гэтага помніка. З-за адсутнасці прыкметных адрозненняў паміж керамікай тасійскай і бадарыйскай культур, тасійская культура прыкладна супадае з бадарыйскай у прамежку паміж перыядамі 21 і 29 шкалы Пітры адноснага датавання дадынастычнага Егіпта.[2][3]

Зноскі

  1. Encyclopædia Britannica
  2. 1 2 Gardiner, Alan (1964). Egypt of the Pharaohs. Oxford University Press. pp. 388, 389.
  3. Grimal, Nicolas (1988). A History of Ancient Egypt. Librairie Arthéme Fayard. pp. 35.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Неаліт Афрыкі
Катэгорыя·Дагістарычны Егіпет
Катэгорыя·Археалогія ў Егіпце