wd wp Пошук:

Таварыства былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў

Таварыства былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў — грамадская арганізацыя ў СССР, існавала ў 1921—1935 гадах.

Дзейнасць

Створана ініцыятывай П. П. Маслава, Д. І. Навамірскага і іншых[1][2]. Аказвала матэрыяльную дапамогу былым паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, даклады, лекцыі. Важным кірункам дзейнасці таварыства былі збор, вывучэнне і выданне гістарычна-дакументальных матэрыялаў. У 1921—1923 гадах аддзяленні таварыства ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску.

У 1921 годзе таварыства налічвала 200 членаў, у 1926 — 1786, у 1931 — 2759. У 1924, 1925, 1928 і 1931 гадах адбыліся ўсесаюзныя з’езды членаў таварыства. Беларускае аддзяленне да 1928 года правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую работу члены таварыства вялі ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зборнікі дакументаў, манаграфіі. Таварыства выдавала часопіс «Каторга и ссылка» (1921—1935), біябібліяграфічны слоўнік «Деятели революционного движения в России» (1927—1934), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного обшества бывших политкаторжан и ссыльнопоселенцев» (1929—1933), у якіх ёсць біяграфічныя артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс быў звязаны з Беларуссю. Таварыства супрацоўнічала з Гістпартам, Інстытутам Маркса—Энгельса—Леніна і іх філіяламі на месцах, з Усесаюзным таварыствам старых бальшавікоў.

Спыніла дзейнасць у 1935 годзе ва ўмовах разгортвання ў СССР палітычных рэспрэсій.

Зноскі

  1. “Десять лет. 1921-1931. Сборник статей и воспоминаний к десятилетнему юбилею Общества политкаторжан”. Под редакцией Л. Старр, В. Плескова и Г. Крамарова. Москва, 1931
  2. М. Юнге “Революционеры на пенсии. Всесоюзное общество политкаторжан и ссыльнопоселенцев, 1921-1935”, 2015, с. 77

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Грамадскія арганізацыі СССР
Катэгорыя·З’явіліся ў 1921 годзе
Катэгорыя·Зніклі ў 1935 годзе