wd wp Пошук:

Сінкевіцкая аперацыя

Сінкевіцкая аперацыя — баі партызанскіх атрадаў імя М. Ц. Шыша (уваходзіў у партызанскую брыгаду імя В. М. Молатава), «Пятровіча» (уваходзіў у склад партызанскай брыгады імя С. М. Кірава) з нямецкімі акупацыйнымі войскамі ў вёсцы Сінкевічы Ленінскага раёна і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы 30 кастрычніка 1942 года.

Перадумовы

З мэтай зрыву руху цягнікоў па чыгунцы БрэстГомель штаб Пінскага партызанскага злучэння распрацаваў план аперацый па адначасовым разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы і падрыву 70-мятровага чыгуначнага маста цераз раку Лань. Аперацыяй кіравалі камандзіры атрадаў «Пятровіча» А. П. Савіцкі і імя Шыша М. І. Герасімаў. Партызанская разведка ўстанавіла колькасць і ўзбраенне гарнізона праціўніка ў вёсцы, аховы станцыі і моста (больш за 100 салдат, узброеных станковымі і 5 ручнымі кулямётамі, аўтаматамі і вінтоўкамі). Для ўдзелу ў аперацыі было выдзелена каля 200 партызан, узброеных 11 ручнымі кулямётамі, 12 аўтаматамі, вінтоўкамі. Каб не дапусціць падыходу падмацавання з бліжэйшых гарнізонаў праціўніка, групы прыкрыцця вывелі са строю тэлефонна-тэлеграфную лінію сувязі, грунтавыя дарогі, чыгунку. Астатнія групы павінны былі нанесці адначасовы ўдар па гарнізоне ў вёсцы, ахове моста і ўзарваць яго.

Ход аперацыі

На досвітку 30 кастрычніка 1942 года ўдарныя групы напалі на паліцэйскі ўчастак, будынак камендатуры і ахову лесапільнага завода, якія знаходзіліся ў вёсцы Сінкевічы, падпалілі іх і хутка падавілі супраціўленне гітлераўцаў. Знішчыўшы праціўніка на станцыі, партызаны падпалілі састаў з боепрыпасамі. Узрывамі бомбаў і снарадаў падпаленага эшалона быў знішчаны будынак станцыі, уся станцыйная гаспадарка і чыгуначнае палатно. Ахова моста спрабавала адысці па балоце ў бок ракі Прыпяць, але трапіла пад агонь партызан і была знішчана. Партызаны авалодалі чыгуначным мостам, замініравалі яго і падарвалі. Групы прыкрыцця адбілі падраздзяленні праціўніка, якія спяшаліся на дапамогу гарнізону са станцыі Лахва і вёскі Сітніца.

Вынікі

У ходзе гадзіннага бою былі падарваны чыгуначны мост цераз раку Лань, два іншыя чыгуначныя масты (даўжынёй 10 і 14 м), 4 на грунтовых дарогах, знішчана 3 км тэлефонна-тэлеграфнай ліні сувязі, спалены эшалон з боепрыпасамі, лесапільны і малочны заводы, будынкі станцыі і акупацыйных улад. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на доўгі час. Страты праціўніка: 74 забітыя, 14 параненых і 6 узятыя ў палон. Партызаны страцілі 3 забітымі і 4 параненымі.

Памяць

У памяць аб баявых дзеяннях партызан у 1963 годзе на будынку станцыі Сінкевічы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Бітвы Другой сусветнай вайны з удзелам савецкіх партызан у Беларусі
Катэгорыя·Канфлікты 1942 года
Катэгорыя·1942 год у Беларусі
Катэгорыя·Лістапад 1942 года
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Гісторыя Лунінецкага раёна