Сцы́нкавыя, сцынкі (Scincidae) — сямейства яшчарак інфраатрада сцынкападобных.
Адрозніваюць больш за 90 родаў, каля 1200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў тропіках Усходняга паўшар’я, асабліва ў межах Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласці.
Даўжыня да 65 см. Цела падоўжнае, да змеепадобнага; укрыта гладкай або рабрыстай налягаючай луской, пад якой размешчаны касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Хвост ломкі. У рыючых форм канечнасці часткова або канчаткова страчаны, вочы звычайна адсутнічаюць.
Вядуць наземны, рыючы і паўдрэвавы спосаб жыцця, некаторыя віды паўводныя. Кормяцца пераважна насякомымі, буйныя сцынкавыя — і пазваночнымі; некаторыя расліннаедныя.
Большасць відаў адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя і жывародныя.