wd wp Пошук:

Столінская раўніна

Столінская раўніна — геамарфалагічны раён у Беларусі, размешчаны ў міжрэччы Гарыні, Стыры і Прыпяці, у паўднёвай частцы Лунінецкай нізіны.

У морфаструктурным плане тэрыторыя прымеркавана да паўднёва-ўсходняга схілу Палескай седлавіны і часткі Прыпяцкага прагіна. Глыбіня залягання фундамента знаходзіцца ў інтэрвале ад −300 да −1300 м. Магутнасць антрапагенавага чахла складае 20-30 м, у асобных паглыбленнях яна павялічваецца да 80 м, а ў шэрагу выпадкаў на паверхню выходзяць карэнныя пароды.

Найбольшая абсалютная вышыня сучаснага рэльефа 168 м, ваганні адносных вышынь дасягаюць 20 м. Гідраграфічная сетка прадстаўлена невялікімі прытокамі Гарыні і меліяратыўнымі каналамі. Гушчыня эразійнага расчлянення каля 0,2 км/км². Геамарфалагічная асаблівасць раёна выражаецца яруснасцю рэльефа. Ніжні ярус (142—145 м) утварае плоская, слабахвалістая паверхня балотных участкаў са спушчанымі азёрнымі катлавінамі і невялікімі эолавымі градамі. На балотных масівах магутнасць тарфянай залежы дасягае 5 м. Сапрапелевая тоўшча, што падсцілае тарфяныя масівы, сведчыць аб існаванні старажытных азёрных вадаёмаў. Больш высокі ярус (147—155 м) займае водна-ледавіковая раўніна, прадстаўленая розназярністымі пяскамі з жвірова-галечна-валунным матэрыялам, зрэдку перакрытая марэннымі адкладамі. У асобных выпадках на паверхні ўскрываюцца карэнныя пароды. Адносныя вышыні 2-3 м. Выраўнаваныя прасторы нярэдка ўскладняюцца дугападобнымі эолавымі градамі вышынёй 5-7 м, даўжыня якіх дасягае 2 км, з асобнымі масівамі бугрыста-градавых пяскоў.

Гіпсаметрычны ўзровень з адзнакамі 155—168 м утварае водна-ледавковая цокальная раўніна і платападобныя ўзвышаныя ўчасткі градавых дэнудаваных форм краявых утварэнняў. Асноўная частка дэнудаванай паверхні складзена рознаўзроставымі пяскамі з пясчана-жвірова-галечнікавым матэрыялам. Шматлікія кар’еры па здабычы гліністай сыравіны.

Тэрыторыя дрэнуецца невялікімі прытокамі Гарыні і меліярацыйнымі каналамі.

Пераважаюць поймавыя (алювіяльныя) глебы, тарфяна-балотныя (нізінныя), дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, месцамі сустракаюцца дзярнова-карбанатныя глебы, да павышаных участкаў прымеркаваны дзярнова-падзолістыя. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чарнаальховыя лясы.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Геаграфія Столінскага раёна
Катэгорыя·Нізіны Беларусі