wd wp Пошук:

Сатосі Кон

Сатосі Кон (яп.: 今 敏, Kon Satoshi; нар. 12 кастрычніка 1963 — 24 жніўня 2010) — стваральнік анімэ (японскіх мультфільмаў) і мангі. Найбольш вядомы дзякуючы сваім паўнаметражным работам «Ідэальны смутак» (1997), «Актрыса тысячагоддзя» (2001), «Такійскія хросныя» (2003) і «Папрыка» (2006). Ён памёр ад раку падстраўнікавай залозы 24 жніўня 2010 года[1].

Біяграфія

Кар’ера

Сатосі Кон нарадзіўся 12 кастрычніка 1963 года. Ён вучыўся ў сярэдняй школе Хакайда Кусіра Каро, дзе захацеў стаць мультыплікатарам.

Гэта памкненне рэалізавалася з публікацыяй яго дэбютнай мангі Toriko у 1984 годзе ў час вывучэння графічнага дызайну ў прыватным Мастацкім універсітэце Мусасіна ў Токіа[2]. Работа прыцягнула ўвагу стваральніка культавага анімэ Akira Кацухіра Атамы, які наняў Кона за асістэнта[3].

Напачатку 1990-х Сатосі Кон працаваў аніматарам, сцэнарыстам, мастаком па вёрстцы і дызайнерам фону на праектах Кацухіра Атамы і Мамору Осіі. Кон дэбютаваў як рэжысёр з пятым эпізодам OVA «Неймаверных прыгод ДжоДжо» (1993—1994)[4]. Для яго ён напісаў таксама сцэнар і раскадроўку.

Гэта работа спадабалася прадзюсеру Масао Марыяме, які прапанаваў Сатосі Кону ў якасці рэжысёра ўзначаліць працу над адаптацыяй раману «Ідэальны смутак*»* Ёсікадзу Такеуці. Кон быў незадаволены першым сцэнарыем, заснаваным на арыгінале, і папрасіў унесці ў яго змены[5], на што атрымаў дазвол ад аўтара арыгінальнага рамана. Паўнаметражны анімацыйны фільм “Ідэальны смутак» выйшаў ў 1997 годзе. Прэм’ера адбылася на фестывалі Fantasia Festival у канадскім Манрэалі, дзе стужка атрымала ўзнагароду за лепшы азіяцкі фільм [6][7].

У 2002 годзе адбылася прэм’ера другога фільма Кона «Актрыса тысячагоддзя». У цэнтры фільма — актрыса на пенсіі, якая таямнічым чынам сыходзіць з поля зроку грамадскасці на піку сваёй кар’еры.

У 2003 годзе на экранах з’яўляецца трэці паўнаметражны фільм Сатосі Кона «Такійскія хросныя». У цэнтры фільма — трыа бяздомных у Токіа, якія напярэдадні Калядаў знаходзяць дзіця і адпраўляюцца на пошукі яго бацькоў. Фільм засяроджаны на тэмах бяздомнасці з камедыйным адценнем.

У 2004 годзе выходзіць серыял «Агент параноі», у якім Кон працягвае вывучаць тэму змешвання рэальнасці і ўяўлення.

У 2006 годзе выходзіць апошні паўнаметражны фільм Сатосі Кона «Папрыка». Яго сюжэт прысвечаны новай форме псіхатэрапіі, якая выкарыстоўвае аналіз сноў для лячэння псіхічных хворых.

Смерць

У маі 2010 года падчас працы над наступным фільмам Dreaming Machine у Сатосі Кона быў дыагнаставаны рак падстраўнікавай залозы ў тэрмінальнай стадыі. Рак хутка прагрэсаваў. 24 жніўня 2010 годзе Сатосі Кон памёр ва ўзросце 46 гадоў.

Фільмаграфія

Рэжысёр

Зноскі

  1. ScreenDaily. Japanese animation master Satoshi Kon dies at 46
  2. Hollywood Insider. A Tribute to Satoshi Kon
  3. Vulture. A Viewer’s Guide to the Works of Satoshi Kon
  4. IMDb. Dio’s World: Kakyoin — Duel in the Barrier
  5. Midnight Eye. Satoshi Kon
  6. Fantasia Festival. Year 1997
  7. IMDb. Fantasia Film Festival 1997
Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Сапара
Катэгорыя·Нарадзіліся 12 кастрычніка
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі 24 жніўня
Катэгорыя·Мангакі
Катэгорыя·Мультыплікатары паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Токіа
Катэгорыя·Памерлі ў 2010 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1963 годзе
Катэгорыя·Асобы