Артыкул трэба цалкам перапісаць. На старонцы размоў могуць быць тлумачэнні. |
Сапатысты — удзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху ў Мексіцы. Назва руху паходзіць ад імя генерала Эміліяна Сапаты — героя мексіканскай рэвалюцыі 1910—1920 гг. Сацыяльная апора руху — бедныя індзейцы-сяляне. Сапатысты патрабуюць канстытуцыйнага замацавання правоў карэнных народаў Мексікі, выступаюць супраць неаліберальных рэформ у Лацінскай Амерыцы, супраць ратыфікацыі дамовы НАФТА, супраць прыняцця законаў, якія дазваляюць купляць і прадаваць сялянскія абшчынныя землі. Лозунг сапатыстаў: «Свабода! Дэмакратыя! Справядлівасць!»
17 лістапада 1983 — дзень стварэння Сапатысцкага Войска Нацыянальнага Вызвалення (EZLN — Ejército Zapatista de Liberación Nacional) групай з трох індзейцаў і трох метысаў, палітычных актывістаў з розных арганізацый, якія трымаюцца рэвалюцыйных тэорый Эрнэста Гевары. Першапачаткова базай сапатыстаў былі Лакандонскія джунглі (Selva Lacandona), што ў паўднёвай Мексіцы. Праз некаторы час СВНВ звязваецца з індзейскімі грамадамі, якія звярнуліся да партызан, каб тыя пачалі ахоўваць індзейцаў ад нападаў «белых гвардзій» латыфундыстаў і навучылі грамады ваяваць, у сваю чаргу індзейцы паабяцалі забяспечыць сапатыстаў харчамі і прадуктамі першай неабходнасці. Адным з лідараў СВНВ становіцца субкамандантэ Маркас. На працягу 1992 колькасць рэгулярных сіл Сапатысцкага Войска павялічылася ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч салдат. 1 студзеня 1994 — пачатак узброенага паўстання сапатыстаў (Сан-Крыстобаль-дэ-лас-Касас, San Cristobal de las Casa) у дзень, калі ўрады Мексікі, ЗША і Канады святкавалі ўваход у сілу дагавора аб свабодным гандлі паміж гэтымі краінамі (НАФТА). Атрады сапатыстаў без выкарыстання зброі захапілі 7 муніцыпальных цэнтраў штата Ч’япас. 2 студзеня сапатысты вяртаюцца ў горы пад ціскам федэральных войскаў, авіяцыя пачынае бамбардзіраваць лясы і паселішчы, дзе хаваліся сапатысты. На вуліцы Мехіка і іншых мексіканскіх гарадоў неарганізавана выходзяць сотні тысяч людзей, патрабуючы ад урада спыніць бойню і пачаць перагаворы. У 1995 адбываюцца доўгія перамовы з уладай. Падпісаныя СВНВ і федэральным урадам першыя «дамоўленасці Сан-Андрэса», якія прадугледжваюць змену канстытуцыі Мексікі і прызнанне правоў і культуры індзейскіх народаў, іх права на аўтаномнасць і самакіраванне індзейскіх грамад і іх тэрыторыі, рэальна не выконваюцца, іх існаванне ігнаруецца цяперашняй уладай. 1 студзеня 1996 створаны Сапатысцкі Фронт Нацыянальнага Вызвалення — нацыянальная грамадская арганізацыя, якая выступае з тымі самымі патрабаваннямі, што і СВНВ, але легальна і без зброі. У наступныя гады сапатысты праводзяць шмат «кансультацый» з цывільнымі людзьмі, негвалтоўных акцый ціску на ўрад, каб прымусіць яго выконваць пункты дамоўленасці Сан-Андрэса. У першыя дні 2006 пачаўся марш сапатыстаў па ўсіх 32 рэгіёнах краіны. Акцыя праводзіцца ў межах «Іншай кампаніі», якая, на думку сапатыстаў, павінна даць мексіканцам адрозную ад прапанаванай афіцыйнымі партыямі альтэрнатыву развіцця краіны.
На сённяшні дзень сапатысцкія фарміраванні дзейнічаюць ва ўсіх 40 муніцыпальных акругах Ч’япас.
У сапатысцкай ідэалогіі вельмі важным пунктам з’яўляецца павышэнне статусу жанчыны ў грамадстве. Для яго рэалізацыі ў арганізацыі вітаюць удзел жанчын у прыняцці рашэнняў. Адным з лідараў арганізацыі з’яўляецца жанчына, камандантэ Рамона (Commandante Ramona), якая стала такім жа сімвалам сапатыстаў, як і Маркас.