Пяча́рка, шампіньё́н лясны́ (Agaricus arvensis) — від грыбоў роду шампіньён.
Пладовае цела буйное. Капялюш тоўстамясісты, спярша акругла—званочкавы, з загорнутым краем і з прыватнай покрыўкай, пазней пуката—раскінуты або раскінуты, з невялікім шырокім бугарком або злёгку прыплясканы ў цэнтры, часам з хвалістым краем і з рэшткамі покрыўкі па краі; 8—20 см у дыяметры; белы або крэмавы, з узростам — з вохраным адценнем, марудна жаўцее ад дотыку; шаўкавісты, гладкі або пакрыты валакністымі жаўтаватымі ці бураватымі лускамі; пры сухім надвор’і часта растрэскваецца па краі.
Мякіш шчыльны, з узростам мякчэйшы, белы або жаўтаваты (у спелых грыбоў), саладкаваты. На зломе мякіш крыху жаўцее. Мае характэрны пах анісу або мігдалаў (асабліва ў маладых грыбоў).
Пласцінкі частыя, уздутыя, шырэйшыя да перыферыі, вольныя ля ножкі, 8—12 мм шырынёй, спярша белыя, шэравата—белаватыя, пазней шэравата—бураватыя, пасля гарчычныя, бура—фіялетавыя, бура—чакаладныя або амаль чорныя.
Ножка 6—10 см вышынёю, 1—1,5 см шырынёй, цыліндрычная, гладкая, пашыраная ці патоўшчаная да асновы; з буйным шырокім белым двухслойным кальцом[1] у верхняй траціне ножкі (ніжняе кальцо — карацейшае, з жаўтаватым краем, зубчастае); валакністая, у маладых грыбоў суцэльная, пазней — з вузкай паланінай (фистульная), лёгка аддзяляецца ад капялюшыку, з шматкападобным налётам у аснове; аднаго колеру з капялюшыкам, пры націсканні жаўцее. Мякіш у аснаванні ножкі не набывае жоўтага адцення.
Споравы парашок чорна—карычневы. Споры 7—9 x 4.5—6 мкм, яйкападобна-эліпсоідныя, гладкія, карычневыя. Хейлацыстыды танкасценныя, яйкападобныя, 11—26 x 9—18(21) мкм.
Колеравыя хімычныя рэакцыі: мякіш дае жоўтую афарбоўку з гідраксідам калію.
Шырока распаўсюджаны і шырока расце на глебе, у асноўным на адкрытай прасторы, парослай травой, — лугох, лясных палянах, уздоўж дарог, на вырубках, у садох і парках, радзей на пашах. Сустракаюцца як на роўнядзях, так і ў гарах. Пладовыя целы з’яўляюцца паасобку, групамі ці вялікімі групамі; часта ўтвараюць дугі і кольцы. Частка растуць побач з жыгучкай. Каля дрэваў редкія; вынятак складаюць яліны[2].
Сезон: з канца мая да сярэдзіны кастрычніка—лістапада.
Падобны з іншымі відамі шампіньёнаў (Agaricus silvicola, Agaricus campestris, Agaricus osecanus і інш.), аднак пераважна буйнейшы за астатніх. Найбольш падобная да яго пячарка крывая, якая, аднак, расце ў яловых лясох, а не на адкрытых і светлых месцах.
Ядомы[1]. Смачны, далікатэсны грыб (3 катэгорыі), паводле смакавых якасцей — адзін з найлепшых сярод пячарак. Ядомы нават у сырым выглядзе[3].
Ужываецца рознымі спосабамі — свежым (па 10 хвілінах адварвання), салёным, марынаваным. Аднак здольны накопліваць кадм, медзь і іншыя цяжкія металы, што можа ўяўляюць небяспеку для здароўя[4].
Упершыню апісаны Якабам Крысціянам Шэферам у 1762 у Баварыі як Agaricus arvensis.
Праведзеныя ў 1999 годзе даследаванні дазволілі вылучыць унутры Agaricus arvensis два марфатыпы, якія, магчыма, прадстаўляюць асобныя віды. Прадстаўнікі першага марфатыпу на макрамарфалагічным узроўні адрозніваюцца светла-жоўтым капялюшыкам, які ў спелым выглядзе шырока—званочкавы; прадстаўнікі другога марфатыпу мяюць белыя капелюшы раскінута—выпуклай формы[5].