Пскоўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. С. М. Кірава (ПДПУ) — першая вышэйшая навучальная ўстанова Пскоўскай вобласці, існавала ў 1932—2010 гадах. Увайшоў у склад Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Адкрыты 17 кастрычніка 1932 года з 5 аддзяленнямі: сацыяльна-эканамічнае, фізічнае, матэматычнае, хімічнае, біялагічнае. На працягу двух гадоў педінстытут і педтэхнікум працавалі ў адным будынку і пад кіраўніцтвам аднаго дырэктара, складалі адзінае «педагагічнае аб’яднанне». У 1934 годзе інстытут адасобіўся ад тэхнікума, пры самастойным педінстытуце адкрыўся двухгадовы настаўніцкі інстытут для падрыхтоўкі настаўнікаў сямігадовых школ. У ВНУ дзейнічалі два факультэты — фізіка-матэматычны і прыродазнаўства. У 1936 годзе адбыўся першы выпуск педагагічнага і настаўніцкага інстытутаў: агулам да 1941 года выйшла 933 спецыялісты.
У гады Вялікай Айчыннай вайны інстытут эвакуіраваўся ў горад Кіраў і часова спыніў сваю дзейнасць. У маі 1945 года аднавілася дзейнасць Пскоўскага педагагічнага і настаўніцкага інстытутаў у складзе чатырох факультэтаў: фізіка-матэматычны, прыродазнаўства, а таксама гістарычны і літаратурны. У 1952 годзе настаўніцкі інстытут скасавалі на карысць педагагічнага інстытута. У 1956 годзе інстытут пераведзены на 5-гадовы тэрмін навучання, пачаў рыхтаваць настаўнікаў шырокага профілю, у 1963 годзе створаны факультэт замежных моў. У 1970 годзе на карысць Пскоўскага педінстытута скасаваны Велікалуцкі педінстытут. У 1977 годзе створаны факультэт пачатковых класаў, пазней з яго вылучыўся факультэт карэкцыйнай педагогікі (затым псіхолага-педагагічны).
Па Распараджэнню Старшыні Урада Расіі Уладзіміра Пуціна № 2440-р ад 27 снежня 2010 года быў створаны Пскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён быў адкрыты на базе пяці навучальных устаноў: Пскоўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Пскоўскі дзяржаўны політэхнічны інстытут, Пскоўскі індустрыяльны тэхнікум, Пскоўскі каледж будаўніцтва і эканомікі і Велікалуцкі будаўнічы каледж.