wd wp Пошук:

Правы альянс

Правы Альянс (ПА) — моладзевая недзяржаўная арганізацыя ў Беларусі.

Знаходзіцца ў фармаце аргкамітэта і спрабуе зарэгістравацца як грамадскае аб’яднанне (2012). Прытрымліваецца (правых) кансерватыўных, традыцыяналісцкіх каштоўнасцей і выступае за нацыянальнае адраджэнне.

19 чэрвеня 2009 года прыхільнікамі ПА для арганізацыі легальнай дзейнасці была афіцыйна зарэгістраваная некамерцыйная арганізацыя ІКУ (Інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова) “Правы Альянс”. Але ўжо праз год, у верасні 2010 года Мінстэрства юстыцыі накіравала ў Гаспадарчы Суд пазоў аб ліквідацыі ІКУ “Правы Альянс”. Мінскі гаспадарчы суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі структуры[1], але працэдура ліквідацыі ўстановы дагэтуль не распачатая.

Мэты

Метамі дзейнасці Правага Альянсу з’яўляюцца садзейнічанне пабудове моцнай, прававой, суверэннай дзяржавы, абарона правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў замежжа, развіццё нацыянальнай культуры, адукацыі, прапаганда здаровага ладу жыцця і патрыятычных ідэй у грамадстве.

Задачы

Таксама да сваіх галоўных задач ПА адносіць адбор і прыцягненне да дзейнасці арганізацыі «самаадданых сыноў і дачок беларускай нацыі (будучай эліты) гатовай i здольнай працаваць на карысць свабоднай, незалежнай i сацыяльна-паспяховай Беларускай Рэспублікі».

Гісторыя

Правы Альянс быў заснаваны ў пачатку 2004 года на базе Беларускай Партыі Свабоды як аб’яднанне[крыніца?] беларускіх патрыятычных моладзевых ініцыятыў.

На сёння мае некалькі соцен актывістаў і прадстаўнікоў ва ўсіх абласцях краіны[2].

За часы існавання «Альянсам» былі праведзены дзясяткі акцый і кампаній нацыянальна-патрыятычнай і грамадска-сацыяльнай скіраванасці: узнаўленне памятнай шыльды ў гонар К.Каліноўскага на вул. Каліноўскага ў Мінску, адзначэнне Дню горада ў Магілёве, усталяванне памятнага крыжа ў вёсцы Дражна, шэсце з паходнямі ў День Герояў у Слуцку, кампанія «Антымак» за забарону продажу макавага насення, а таксама спартыўныя турніры, канцэрты і інш.

На працягу 2004-2008 аб’яднанне ўзаемадзейнічала з правым крылом беларускай апазіцыі. Займаліся арганізацыяй бяспекі пад час першага кангрэса дэмакратычных сіл у кастрычніку 2005.

Пад час прэзідэнцкіх выбараў 2006 сябры Правага Альянса, акрамя інфармацыйна-агітацыйнай працы ў штабе, забяспечвалі бяспеку адзінага кандыдата ад АДС сп. А. Мілінкевіча.

На мясцовых выбарах у 2007 годзе 12 членаў «Альянсу» вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты (4 чал. ў сталіцы Рэспублікі).[крыніца?] У выбарах 2008 г. у Палату Прадстаўнікоў удзельнічалі тры прадстаўнікі арганізацыі.[крыніца?]

Падчас апошніх прэзідэнтскіх выбараў у 2010 годзе “Правы Альянс” не падтрымаў ні воднага з кандыдатаў і афіцыйна не ўдзельнічаў у гэтай кампаніі. Але сябры арганізацыі працавалі ў камандах асобных апазіцыйных кандыдатаў, якім дапамагалі весці выбарчыя кампаніі. Пасля выбараў хваля рэпрэсій закранула і Правы Альянс. Некалькі чалавек былі затрыманыя і асуджаныя на суткі, у дзясяткаў актывістаў па ўсёй краіне прайшлі ператрусы. Частка актывістаў, у тым ліку і кіраўнік Правага Альянсу Юрась Карэтнікаў, пад пагрозай крымінальнага пераследу, былі вымушаны з’ехаць з краіны. Па вяртанню на Радзіму, Юрась Карэтнікаў быў арыштаваны беларускімі спец. службамі і правёў 10 сутак у турэмным ізалятары, пад час зняволення трымаў галадоўку[3][4].

Ад часу заснавання арганізацыі, яе кіраўніом з’яўляўся Юрась Карэтнікаў. 7 верасня 2011 года Цэнтральная Рада “Правага Альянсу” вырашала скасаваць інстытут лідарства ў арганізацыі. Наўзамен лідарству было ўведзена калегіяльнае кіраванне Цэнтральнай Рады “Правага Альянсу”, якая складаецца з 6 чалавек, ранейшы кіраўнік арганізацыі Юрась Карэтнікаў увайшоў у Раду і стаў яе ганаровым сябрам. Таксама было прынята рашэнне аб выхадзе “Правага Альянсу” з усіх блокаў і саюзаў і спыненні палітычнай дзейнасці арганізацыі (ад гэтага часу сябры арганізацыі могуць удзельнічаць у палітыцы толькі як прыватныя асобы)[5].

Маюць стасункі з правымі арганізацыямі Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі.

Зноскі

  1. http://nashaniva.by/?c=ar&i=44683
  2. http://aljans.org/news/vybary-2010 Архівавана 4 сакавіка 2016.
  3. http://belapan.com/archive/2011/11/10/509276_509283/ Архівавана 6 сакавіка 2016.
  4. http://charter97.org/be/news/2011/10/31/44198/
  5. http://aljans.org/news/rada-pravaha-alyansu-pastanavila Архівавана 4 сакавіка 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Беларускі нацыяналізм
Катэгорыя·Палітычныя партыі паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Катэгорыя·Грамадскія арганізацыі Беларусі
Катэгорыя·Палітычныя партыі, заснаваныя ў 2004 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных