wd wp Пошук:

Помнік беларускім лётчыкам у Маленчыне

Помнік беларускім лётчыкам у Маленчыне — памятны камень, устаноўлены 11 красавіка 2010 года ў польскай вёсцы Маленчын[pl] ля Радаму беларускім лётчыкам Аляксандру Марфіцкаму і Аляксандру Жураўлевічу, што трагічна загінулі на міжнародным авіяшоу ў 2009 годзе [1].

Гісторыя

Ініцыятарамі ўшанавання памяці афіцэраў выступілі настаяцель мясцовага прыходу і жыхары Маленчына, іх ідэю падтрымалі камандаванне Ваенна-паветраных сіл Польшчы і мясцовыя ўлады[1]. 28 верасня 2009 года Рада гміны Гузд прыняла ўхвалу аб будаўніцтве помніка лётчыкам, які меў на мэце ўшанаваць трагічную і гераічную смерць лётчыкаў беларускага Су—27[2]. За часам цырымоніі войт гміны Гузд Адам Яблоньскі і шэф штабу, намеснік кіраўніка паветраных сіл Польшчы генерал дывізіі Кшыштаф Заленскі выказалі меркаванні, што лётчыкі адмыслова не катапультаваліся, каб адвесці самалёт ад населенага пункта[3].

У цырымоніі адкрыцця прыняла ўдзел таксама дэлегацыя войскаў Беларусі з Ігарам Азаронкам[4], прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, члены сем’яў загінулых[1], радамскія палітыкі мясцовага самакіравання і некаторыя жыхары навакольных вёсак[5]. У цырымоніі ўдзельнічалі таксама: рэпрэзентацыйная кампанія Войска Польскага і вайсковы аркестр з Дэмбліна, а таксама польская акрабатычная авіягрупа[5]. Помнік асвяціў каталіцкі біскуп радамскі Генрык Тамасік супольна з намеснікам праваслаўнага ардынарыуша Войска Польскага біскупам палкоўнікам Міхалам Дудзічам. У цырымоніі мелі ўдзельнічаць кіраўнік паветраных войскаў Польшчы Анджэй Бласік і праваслаўны ардынарыуш біскуп Мірон, але яны днём раней загінулі ў смаленскай авіякатастрофе[3].

Удзельнікі цырымоніі хвілінай цішыні ўшанавалі памяць загінулых у смаленскай авіякатастрофе[4].

Агульныя звесткі

Помнік, праекціроўшчыкам якога з’яўляецца радамянка Анна Рудніцкая[4], устаноўлены на месцы падзення самалёта[1]. Гранітная аснова нагадвае контур Су-27 з двума крыжамі — праваслаўным і каталіцкім. Хрысціянскія сімвалы зробленыя з металу рухавіка пацярпелага крушэнне самалёта. Вышыня помніка — больш за 2 м, на п’едэстале — надпісы на беларускай і польскай мовах[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Помнік беларускім лётчыкам ўрачыста адкрыты ў польскім Радаме // Наша Ніва, 11 красавіка 2010
  2. Uchwała Nr XLVI/217/2009 Rady Gminy Gózd z dnia 28 września 2009 r. (польск.)
  3. 1 2 Notatka na oficjalnej stronie Sił Powietrznych RP(недаступная спасылка) (польск.)
  4. 1 2 3 Odsłonięto pomnik upamiętniający białoruskich lotników Архівавана 21 ліпеня 2015. // gazeta.pl, 2010-04-11 (польск.)
  5. 1 2 K. Piotrowska, Poświęcili własne życie // Gość Radomski, 25 kwietnia 2010, str. 6 (польск.)

Спасылкі

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Мазавецкае ваяводства
Катэгорыя·Помнікі Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Беларуска-польскія адносіны
Катэгорыя·З’явіліся ў 2010 годзе
Катэгорыя·Авіяцыя Беларусі