Помнік Надзеі Якаўлеўне Харчанка — помнік у горадзе Лагойску, Беларусь.
У 1974 годзе ў Лагойску на ўшанаванне памяці партызанкі Надзеі Якаўлеўны Харчанка пастаўлены помнік (партрэтны бюст). Скульптар помніка Сяргей Міхайлавіч Вакар.
Помнік зроблены з бетона (агульная вышыня 3,4 м, пастамента 2,4 м). Бюст партызанкі ўстаноўлены на высокім чатырохгранным пастаменце. Пластыка пагруднага партрэта лаканічная і выразная.
У гордай паставе, павароце галавы, смелым позірку, моцна сціснутых вуснах – цвёрдая воля і мужнасць. Рэзкая мадэліроўка рысаў твару змякчаецца пластыкай коратка падстрыжаных хвалістых валасоў, прапрацоўкай фактуры світэра.
Ад стылабата помніка разыходзяцца сцежкі, выкладзеныя шэрымі бетоннымі плітамі і абсаджаныя дэкаратыўнымі кустамі[1].