wd wp Пошук:

Парадокс слабага маладога Сонца

Парадо́кс сла́бага маладо́га Со́нца — назіраная супярэчнасць паміж палеакліматычнымі звесткамі і астрафізічнымі мадэлямі эвалюцыі Сонца.

Стандартная мадэль эвалюцыі зорак сцвярджае, што 4 млрд гадоў назад Сонца выпраменьвала прыблізна на 30 % менш энергіі, чым цяпер. Пры такіх умовах вада на паверхні Зямлі павінна была б цалкам замерзнуць. У той жа час геалагічныя даследаванні архейскіх асадкавых парод паказваюць, што ў гэтую эпоху на Зямлі быў вільготны і цёплы клімат. Ва ўмовах глабальнага абляднення, магчыма, не змагло б паўстаць жыццё.

Большасць навукоўцаў схіляюцца да тлумачэння гэтага парадоксу глабальным парніковым эфектам, які дзейнічаў у ранняй гісторыі Зямлі і быў выкліканы вельмі высокімі канцэнтрацыямі такіх вулканічных газаў, як вуглякіслы газ і метан. Упершыню гэтую мадэль прапанавалі і колькасна аналізавалі савецкія навукоўцы Л. М. Мухін і В. І. Мароз. У ролі парніковага газу магла выступаць сумесь азоту і вадароду, якога ў атмасферы малады Зямлі было больш, чым цяпер[1]. Альтэрнатыўныя гіпотэзы, якія тлумачаць дастатковы для зараджэння і падтрымання жыцця прыток цяпла, уключаюць змяненне структуры Сонечнай сістэмы, пры якім Зямля нарадзілася бліжэй да Сонца, і змены ў размяшчэнні і плошчы мацерыкоў планеты[2].

На Марсе таксама ўстаноўлены сляды цёплага і вільготнага клімату. Размешчаныя ў адных і тых жа раёнах рознаўзроставыя кратэры ў рознай ступені схільныя эразійным працэсам. Для старажытных кратараў вызначаны нашмат большыя хуткасці эрозіі, чым для маладых. З гэтых і некаторых іншых назіранняў робіцца выснова аб наяўнасці вадкай вады на Марсе на ранніх этапах яго існавання.

Зноскі

  1. Космос-журнал: Теплое столкновение
  2. Космос-журнал: Жизнь под холодным Солнцем

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Клімат
Катэгорыя·Час у астраноміі
Катэгорыя·Парадоксы
Катэгорыя·Сонца