wd wp Пошук:

Паморнік караткахвосты

Паморнік караткахвосты (Stercorarius parasiticus) — марская птушка сямейства паморнікавых.

Апісанне

Птушка сярэдніх памераў, цёмнай афарбоўкі. Даўжыня цела 41-46 см, размах крылаў 90-125 см. Два цэнтральныя рулявыя пёры выступаюць за астатнія (як у сярэдняга паморніка), але заканчваюцца востра, не закручаны. Дзве морфы: святлейшая з белым нізам і белавата-жоўтымі шыяй, шчокамі і горлам; цямнейшая — цалкам карычневая. Часцей за ўсё сустракаюцца асобіны прамежкавай афарбоўкі са светлымі шчокамі або з часткова белай шыяй. У маладых цэнтральныя рулявыя выступаюць нязначна, уся птушка паласатая і плямістая.

Пашырэнне

Арэал разарваны — паўночная частка Галарктыкі. Насяляе вільготную тундру з высокай наземнай расліннасцю і тарфянікі ў раёне марскіх узбярэжжаў або вялікіх кантынентальных вадаёмаў; пасля гнездавання жыве на морах (часцей — ў прыбрэжных раёнах), радзей — на вялікіх кантынентальных вадаёмах.

Пералётны і качуючы від. Трапляе на Паўночнае, Балтыйскае, Міжземнае, Чорнае, Чырвонае моры. Залятае ў глыбіню еўрапейскага кантынента (у Аўстрыю, Швейцарыю, Румынію, Польшчу, Беларусь, на Мальту, Мадэйру, Балеарскія і Азорскія а-вы). Месцы зімовак: паўднёваамерыканскія ўзбярэжжы Атлантыкі і Ціхага акіяна на поўдзень ад экватара, паўднёвае ўзбярэжжы Афрыкі і Аўстраліі, узбярэжжы Новай Зеландыі, качуе ў Атлантычным акіяне паміж Амерыкай і Афрыкай, у Індыйскім акіяне.

Асаблівасці біялогіі

Гняздо ладзіць у ямцы ў грунце на адкрытым месцы, часам у купіне раслін або на сухім пагорку (асабліва на забалочаных тэрыторыях), на дне ўтаптаныя рэшткі наземных раслін, бывае скупая высцілка з траў, моху і лішайнікаў. Часам стварае калоніі.

Яйкі 2 (часам 1-3), уздутыя ў аснове, аліўкавыя, аліўкава-карычневыя, карычневыя, аліўкава-зялёныя, зялёныя, зрэдку светла-блакітныя; з папяліста-бурымі глыбокімі і ад светла- да чорна-карычневага паверхневымі плямамі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Паморнікавыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта