wd wp Пошук:

Палуеўшчына

Палуеўшчына (або таксама Палуеўская зямля, Палуеўшчызна) – мясцовасць, якая прылягала да Гомеля («при месте Гомельском»), упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах другой паловы XVI ст. Адзін з першых вядомых на сёння гомельскіх мікратапонімаў.

Гістарычныя звесткі

Ворная зямля, наданая вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам «до воли и ласки господарское» гомельскаму баярыну Лявону Рыгоравічу Ваўку, які па стане на 1560 г. меў тут сваю сядзібу («на которои мешкаеть»). Дакладных указанняў на размяшчэнне Палуеўскай зямлі ў дакументах XVI ст. няма.

У 1776 г. нашчадкі Лявона Ваўка, якія мелі ў Гомелі два двары, былі вымушаныя пацвярджаць сваё права на іх, прад’яўляючы прывілей 1560 г. Сакратар магілёўскай экспедыцыі «камерных дел» Леў Навіна Гулевіч прыняў як даведзены факт колішняе знаходжанне Палуеўшчыны «при местечке Гомле», але не знайшоў важкіх прычын, каб атаясамліваць Палуеўшчыну з двума «состоящими в местечке Гомле» дварамі шляхціцаў Левановічаў. Верагодна, што на той час (другая палова XVIII ст.) адпаведная назва гамяльчанамі не выкарыстоўвалася.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Гістарычныя раёны Гомеля