wd wp Пошук:

Павел Тапузідзіс

Павел Георгіевіч Тапузідзіс (нар. 12 верасня 1956, Абхазская АССР) — беларускі прадпрымальнік. Ганаровы консул Грэцыі ў Беларусі[1].

Маці П. Тапузідзіса — настаўніца рускай мовы[2]. З’ехаў з Грузінскай ССР, з уласных слоў, з-за дыскрымінацыі там грэкаў, каб атрымаць адукацыю па жаданай спецыяльнасці[3]. У адной з мінскіх ВНУ[4] атрымаў адукацыю інжынера-мостабудаўніка[2]. Працаваў у БССР ў мостабудаўнічай галіне[3]. У 1987 годзе быў звольнены[2][3]. З партнёрамі арганізаваў у Рудзенску[3] кааператыў «Пластикат», які праіснаваў 12 гадоў і займаўся вырабам штучных кветак і жалобных вянкоў, удзел у прадпрыемстве даў пэўныя сродкі[2].

Займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, у т.л. вырабам цацак, гандлем цыгарэтамі[3]. На пачатку 1990-х гадоў[3] арганізаваў малое прадпрыемства «Прыма», якое вырабляла цыгарэты «Беломор-канал»[3], а потым і запалкі «Пламя Октября»[2]. Пасля ўвядзення дзяржаўнай манаполіі тытунёвы бізнес Тапузідзіса перапыніўся[3]. У 1996 годзе атрымаў ліцэнзію на выпуск цыгарэт. Станам на 2015 год яго прадпрыемства ТАА «Табак-Инвест», разам з дзяржаўнай фабрыкай «Нёман», манапаліст беларускага цыгарэтнага рынку[3]. П. Тапузідзіс старшыня праўлення ТАА «Табак-Инвест» (асноўныя актывы — тытунёвая фабрыка і сетка гандлёвых цэнтраў «Карона»)[5], якое шэраг гадоў уваходзіць у дзясятку буйнейшых падаткаплацельшчыкаў Мінска. У 2015 годзе П. Тапузідзіс прагназаваў, што праз два гады можа стаць першым у Беларусі мільярдэрам[3].

П. Тапузідзіс займаецца дабрачыннасцю, але канкрэтызацыю яе адрасатаў лічыць недарэчнай[6]. Збірае савецкі фарфор, паводле ўласных слоў, у зборы ёсць дзівосныя, вельмі прыгожыя рэчы, але не лічыць сябе сапраўдным калекцыянерам[6]. Мае вялікую бібліятэку, якую збірае з савецкіх часоў, у маладосці любіў творчасць Э. М. Рэмарка, якая, на яго думку, значна ўплыла на яго, шмат чытаў Л. Талстога, зараз ахвотна чытае фантастыку[6]. Яшчэ адно захапленне — гадзіннікі, сам П. Тапузідзіс носіць Patek Philippe[6]. Таксама калекцыяную значкі[3].

П. Тапузідзіс лічыць асабіста для сябе важнай грамадзянскую пазіцыю і адказнасць[3]. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года быў памочнікам старшыні адной з выбарчых камісій[3]. Паводле меркавання некаторых СМІ, П. Тапузідіс набліжаны да кіраўніка Беларусі А. Лукашэнкі[5]. Дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу. У час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў старшынёй участковай выбарчай камісіі № 26 (Мінск, вул. Панчанкі, 56, СШ № 23) у склад якой прапанаваны працоўным калектывам бухгалтэрыі ТАА «Табак-инвест»[5].

Мае катэдж у Драздах, рэзідэнцыю на возеры Мядзел (пабудавана ТАА «Табак-инвест» як аздараўленчы цэнтр)[3]. Таксама П. Тапузідзісу прыпісваюць сядзібу на тэрыторыі Robinson Club. Паводле гарадской легенды, яму ж належыць сядзіба побач «Кароны» на вул. Кальварыйскай ў Мінску.

Брат — Віталій Тапузідзіс, вядомы са СМІ затрыманнем па падазрэнні ў дачы хабару. Жонка — Ірына Тапузідзіс, кіраўнік дабрачыннага фонду «Родник доброты». Трое дзяцей, у т.л. сын Георгій Тапузідзіс.

Зноскі

  1. http://mfa.gov.by/upload/19.05.04_handbook.pdf
  2. 1 2 3 4 5 TimeCity Magazine, № 2, 2012, с. 68.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 Марціновіч Я. Павел Тапузідзіс: «Выдам загад…»
  4. «Крупным планом»…
  5. 1 2 3 Наша Ніва, № 28, 2011, с. 8.
  6. 1 2 3 4 TimeCity Magazine, № 2, 2012, с. 69.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 12 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Абхазіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Прадпрымальнікі Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1956 годзе