«О́йра» ці «Ойра-ойра» — парны побытавы танец памерам 3/4 такту, тэмп умерана хуткі. На Беларусі з’явіўся ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Атрымаў папулярнасць ва Усходняй Еўропе.
Выконваецца ў парах па коле. Блок рухаў паўтараецца некалькі разоў запар: плясканне ў далоні, простыя крокі, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», загляданне адзін аднаму ў твар ды іншыя. Выканаўцы падчас танцу часта выгуквалі «ой-ра!», адкуль і паходзіць назва танцу. Пазней з’явіліся таксама і прыпеўкі:
Што за танец ойра, ойра!
Да чаго ж ты стройна, стройна…
У канцы 80-х з актывізацыяй адраджэнскага руху танец ізноў пачаў адраджацца ў Беларусі ўжо паводле прыбалтыйскага ўзору[1] — трохкрокі, стуканні аднайменнымі нагамі (правымі, пасля левымі), тое ж з плячыма і ўрэшце бака́мі[2]. Пры гэтым прыгаворваюць «Ойра-ойра!»[3]