На вёсцы — п’еса беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, напісаная ў 1916 годзе і надрукаваная ў «Беларускім жыцці» ў 1919 годзе.
Жанр гэтай п’еса аўтар вызначыў як «ідылічны абразок»[1]. У гэтым творы аўтар адным з першых у беларускай драматургіі паспрабаваў разабрацца, як уплывае горад на колішняга вяскоўца, як разбешчвае яго і маральна, і фізічна[2].
Твор выбудоўваецца на традыцыйным любоўным трохвугольніку. Сяковы пастух Стасюк кахае простую дзяўчыну Ганульку. Кахае без узаемнасці. Сам жа Стасюк падабаецца цыганцы Анэльцы. Ганулька едзе ў горад, становіцца пакаёўкай, а па вяртання заяўляе свайму паклонніку, што іхнія дарогі не могуць сыйсціся, бо яна цяпер стала іншай, не мужычкай, як раней, а паненкай, і сам Стасюк ужо ёй не пара. Пасля такіх словаў Стасюк быў хацеў скончыць жыццё самагубствам, але ў каханні яму прызналася Анэлька.
Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» крытыкаваў аўтара за няведанне псіхалогіі селяніна:
Як вядома, Аляхновіч — жыхар места; да дзесяцёх гадоў жыцця ён навет ніколі не бачыў вёскі. Ніколі доўга ў вёсцы ён не жыў; псіхологіі селяніна не ведае. Нядзіва, што сяляне ў яго п’есах гавораць такою самаю моваю, што і антокальскія мяшчане-рамеснікі ці беларускія інтэлігенты-адраджэнцы[3].
У. Ковель адзначае, што «з сцэнічага боку гэты твор быў напісаны добра, але ў ім яўна адчувалася дакучлівае маралізатарства, ідэалізацыя вясковага жыцця — асаблівасці і матывы, якія не атрымалі працягу і развіцця ў пазнейшай творчасці драматурга — тонка псіхалагічнай і інтэлектуальнай»[4].