Мінскі гарадскі педагагічны каледж (МГПК) — сярэдне-спецыяльная ўстанова адукацыі ў Мінску, якая рыхтуе спецыялістаў па выхаванні дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Размешчаны па адрасе вул. Макаёнка, 29.
У 1921 годзе быў адкрыты Менскі педагагічны тэхнікум, яго першым дырэктарам стаў А. А Сцепуржынскі. Будынак тэхнікума размяшчаўся па вуліцы Савецкай, 107. Да 1925 года педтэхнікум рыхтаваў настаўнікаў пачатковых класаў, у 1925 годзе адкрылася дашкольнае аддзяленне[1].
У 1937 годзе было адкрыта Менскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай Народнага камісарыята асветы БССР[1].
З 1941 па 1944 гады ў сувязі з нямецкай акупацыяй Мінска педвучылішча часова спыніла існаванне, а ў 1944 годзе аднавіла сваю дзейнасць. У той час вучылішча размяшчалася па вуліцы Захарава, 59. У 1956 годзе загадам Міністэрства асветы БССР МПВ імя Крупскай было закрыта. Ізноў адкрыта ў 1965 годзе ў адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў БССР на базе Смалявіцкага педагагічнага вучылішча[1].
У 1982 годзе вучылішча было падзелена на 2 навучальных установы: педагагічнае вучылішча №1 (дашкольнае) і №2, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых класаў[1]. Пазней ім быў нададзены статус каледжаў. У 2004 годзе каледжы былі рэарганізаваны і далучаны да вышэйшых навучальных устаноў[2].
У 2016 годзе рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта створана дзяржаўная ўстанова адукацыі Мінскі гарадскі педагагічны каледж, які здзяйсняе падрыхтоўку па спецыяльнасцях «Пачатковая адукацыя» і «Дашкольная адукацыя»[1].