Міжэ́віцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Міжэвічы.
Сельсавет знаходзіцца на поўдні Слонімскага раёна за 20 км ад раённага цэнтра. Плошча яго складае 9606 га.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Слонімскага раёна Баранавіцкай вобласці БССР. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Гродзенскай вобласці.
У склад сельсавета ўваходзіць 11 населеных пунктаў: вёскі Лапухова, Махначы, Хмяльніца, Мікалаеўшчына, Новая Перавалока, Старая Перавалока, Зосімавічы, Смаўжы, Крывец і аграгарадкі Вострава і Міжэвічы.
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1140 чалавек[1], з іх 91,0 % — беларусы, 4,7 % — рускія, 1,8 % — палякі, 1,7 % — украінцы[2].
Станам на 2015 год на тэрыторыі сельсавета пражывала 1114 чалавек, з іх: 142 — маладзей працаздольнага ўзросту, 576 — працаздольнага ўзросту, 396 — пенсіянераў.
На тэрыторыі сельсавета размешчаны сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Міжэвічы», Міжэвіцкае лясніцтва, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна», дзяржаўная ўстанова адукацыі «Міжэвіцкі яслі-сад Слонімскага раёна». Медыцынскія паслугі насельніцтву сельсавета аказваюць Міжэвіцкая ўчастковая бальніца і Астроўскі фельчарска-акушэрскі пункт.