wd wp Пошук:

Мбошы

Металічныя бранзалеты мбошы

Мбошы — народ групы банту ў Рэспубліцы Конга. Жывуць у сярэднім цячэнні ракі Конга і далінах яе прытокаў Ліквала і Аліма. Агульная колькасць (2016 г.) - 167 000 чалавек[1].

Лігвісты сцвярджаюць, што мбошы паходзяць з рэгіёна Вялікіх азёр[2] і мігрыравалі ў сучаснае месца рассялення да сярэдзіны XIX ст.

Падзяляюцца на субэтнічныя групы: мбошы, мбока, аква, ангарэ, квала, куба. Адносяцца да негрскай расы вялікай негроіднай расы. Гавораць на мове лімбошы. Большасць мбошы — каталікі, частка прытрымліваецца традыцыйных вераванняў.

Традыцыйныя заняткі — трапічнае, ручное падсечна-агнявое земляробства (маніёк, ямс, батат, бананы), якім пераважжна займаюцца жанчыны. У забалочаных нізінах выкарыстоўваюць насыпныя грады, выкарыстоўваюць зялёныя ўгнаенні; збіральніцтва; ручное рыбалоўства; працуюць на лесанарыхтоўках. Распаўсюджана міграцыя ў г.Бразавіль.

У мінулым пераважалі раскіданыя паселішчы, цяпер узрасла колькасць кампактных вёсак, заснаваных вакол рэк і дарог, чатырохвугольнай планіроўкі, дамы будуюць фасадам да цэнтральнай плошчы; у паселішчах ёсць мужчынскія дамы. Жытло — прамавугольнае ў планіроўцы, з каркаснымі, аплеценымі пруццем сценамі і высокім дахам з лісця пальмы рафіі.

Традыцыйныя стравы — кашы, цестападобныя пасты з маніёка, бананаў, з садавінавымі і гароднінавымі прыправамі, рыба. Традыцыйнае адзенне не захавалася. Распаўсюджаны складаныя прычоскі. Асноўная сацыяльная ячэйка — вялікасямейная абшчына. Лік радства матрылінейны, развіта палігінія.

Зноскі

  1. Mbosi, Mbochi in Congo, Republic of the
  2. GENERAL HISTORY OF AFRICA

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы Рэспублікі Конга
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Народы банту