wd wp Пошук:

Маргарыта Шатландская

Маргарыта Шатландская на сярэднявечнай мініяцюры
Малькальм III і Маргарыта Шатландская на старонцы гербоўніка Марыі Сцюарт (1562)

Святая Маргары́та Шатла́ндская (каля 1045, Венгрыя — 16 лістапада 1093, Эдынбург) — жонка шатландскага караля Малькальма III, маці каралёў Аляксандра і Давіда, а таксама Мацільды Шатландскай, бабуля англійскай «імператрыцы» Мацільды. У 1250 г. Папа Інакенцій IV прылічыў яе да ліку святых. Яна стала першай шатландскай святой; наступны за ёй шатландзец быў кананізаваны толькі ў 1976 годзе[6].

Бацькі Маргарыты Шатландскай — перадапошні прадстаўнік старажытнай Уэсэкскай дынастыі англійскіх каралёў, Эдуард, і яго жонка Агата, з якой ён ажаніўся падчас падарожжаў па Усходняй Еўропе. Гісторыкі сур’езна абмяркоўваюць верагоднасць таго, што бацькам Агаты (Агафіі) быў Яраслаў Мудры і Св. Маргарыта, такім чынам, даводзілася яму ўнучкай. Дзяцінства правяла з бацькамі і братам Эдгарам пры двары венгерскага караля Андраша і Анастасіі Яраслаўны.

Пасля вяртання да двара Эдуарда Спаведніка бацька Маргарыты быў адхілены ад пераходу ў спадчыну прастола Гаральдам, а пасля ўварвання нарманаў яго шанцы на прастол і зусім сышлі на нішто. Сямейства схавалася ў Шатландыі, дзе Маргарыта разам з сястрой Крысцінай, мабыць, рыхтавалася прысвяціць сябе манаскаму жыццю. Крысціна стала абатысай у Гэмпшыры, а Маргарыту чакала іншая доля — каля 1069 года яна абвянчалася ў Данфермлінскім абацтве з шатландскім каралём-удаўцом Малькальмам. У іх было не меней васьмі дзяцей.

Скульптурная група: Святыя Барбара, Маргарыта і Елізавета на Карлавым мосце ў Празе

У якасці каралевы Маргарыта была заступніцай царквы і манахаў; менавіта яна запрасіла ў Шатландыю бенедыкцінцаў. З яе дзейнасцю звязана пранікненне на паўночную ўскраіну Еўропы рыцарскай англа-французскай культуры. Сваім сынам яна давала кніжныя імёны, зусім не ўласцівыя для гэтых месцаў, — Давід і Аляксандр. Пахавана была каля мужа ў Данфермлінскім абацтве, хоць яе імя носіць найстаражытны будынак Эдынбурга, капліца каралеўскага замка (у рэчаіснасці пабудаваная яе сынам Давідам).

Паколькі яе брат Эдгар і сястра Крысціна памерлі халастымі, менавіта дзеці Маргарыты разглядаліся як патэнцыйныя спадчыннікі англійскай кароны тымі, хто не прызнаваў законнасці захопу ўлады Вільгельмам Заваёўнікам. Таму спадчыннік Вільгельма, кароль Генрых Баклерк, абраў у жонкі яе дачку Мацільду. У жылах іх нашчадкаў, такім чынам, злілася кроў Вільгельма Заваёўніка з крывёй Альфрэда Вялікага.

Памяць

Зноскі

  1. Margareta von Schottland // FemBio: Банк інформації про видатних жінок, Frauendatenbank, Банк данных о выдающихся женщинах Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Lundy D. R. Saint Margaret ’the Exile’ (?) // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Kindred Britain
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. 1 2 3 4 Lundy D. R. The Peerage
  6. Our Sunday Vistor’s Catholic Almanac 2009 - Matthew Bunson - Google Books. Праверана 10 сакавіка 2013.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў медзье Баранья
Катэгорыя·Каталіцкія святыя
Катэгорыя·Хрысціянскія святыя XI стагоддзя
Катэгорыя·Святыя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 1093 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1045 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Эдынбургу
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Святыя Шатландыі
Катэгорыя·Каралевы шатландскія
Катэгорыя·Памерлі 16 лістапада
Катэгорыя·Уэсекская дынастыя
Катэгорыя·Пахаваныя ў Данфермлінскім абацтве