wd wp Пошук:

Магілёўская кафля

Паліваная кафля з выявай картуша. XVIII ст.

Магілёўская кафля – архітэктурна-дэкаратыўная кераміка XV – пачатку XX стст., якая выраблялася магілёўскімі цаніннікамі. Кафля канца XV – XVI стст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрытыя знутры зялёнай палівай. Кафля канца XVI – XX стст. каробчатая (тэракотавая, зялёная палівавая, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі XVII ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы XVI – 1-й палове XVII стст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне.

Паводле тыпаў і прызначэння падзяляецца на сценную, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перавсычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны раслінны (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геаметрычны (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расліннага арнаменту, які часта спалучаўся з геаметрычным, адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца XVI – 1-й паловы XVI стст.), барока (сярэдзіна – 2-я палова ХVII стст.).

Кафлю канца XVII – пачатка XVIII стст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца XVIII – XIX стст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы XIX – пачатку XX стст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Беларускае народнае мастацтва
Катэгорыя·Кафля
Катэгорыя·Культура Магілёва
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum