wd wp Пошук:

Латвійская нацыянальная акадэмія абароны

Латвійская нацыянальная акадэмія абароны (лат.: Latvijas Nacionālā aizsardzības akadēmija) — латвійская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова, якая знаходзіцца ў Рызе.

Агульная характарыстыка

Гэта дзяржаўная ваенная прафесійная вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова, пераемнік традыцый Латвійскай ваеннай школы (1918-1940). Вучэльня знаходзіцца па адрасе: вул. Эзэрмалас 8, Рыга. Створана 13 лютага 1992 года як акадэмія Міністэрства абароны Латвійскай Рэспублікі. Заснавальнік акадэміі - Кабінет міністраў. Акадэмія - адзіная вышэйшая ваенная навучальная ўстанова ў Латвіі.

Асноўнай задачай акадэміі з’яўляецца падрыхтоўка прафесійна адукаваных камандзіраў і ваенных спецыялістаў для ўзброеных сіл Латвіі, арганізацыя і правядзенне даследаванняў у галіне нацыянальнай абароны і бяспекі. Вучэльня рэалізуе прафесійныя праграмы навучання для бакалаўра (“Ваеннае камандаванне сухапутнымі войскамі”, “Ваеннае камандаванне ваенна-марскімі сіламі”, “Ваеннае камандаванне ваенна-паветранымі сіламі”), адукацыйную праграму “Камандны афіцэр” другога ўзроўню вышэйшай адукацыі, праграму практыка-арыентаванай магістратуры “Ваеннае камандаванне і бяспека”, а таксама забяспечвае курсы павышэння кваліфікацыі.

У пытаннях ваеннай службы акадэмія знаходзіцца пад непасрэдным упраўленнем галоўнакамандуючага Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі Латвіі. Нацыянальная акадэмія абароны мае ўласны сцяг, герб, дэвіз і гімн.

Узброеныя сілы Латвіі прадастаўляюць курсантам усіх навучальных праграм і афіцэрскіх курсаў: зарплату ваеннаслужачага, сутачныя і кампенсацыю арэнды жылля, гарантыі як для ваеннаслужачых, пражыванне ў інтэрнаце, магчымасць выкарыстання комплексу спартыўнага клуба Узброеных сіл Латвіі. Па заканчэнні навучання студэнцкі крэдыт анулюецца для выпускнікоў навучальнай праграмы “Камандзір” і для выпускнікоў афіцэрскіх курсаў, калі выпускнік пасля гэтага быў прыняты для атрымання вышэйшай адукацыі ў цывільную ВНУ. Усім выпускнікам акадэміі гарантавана пасада ў падраздзяленнях Узброеных сіл Латвійскай Рэспублікі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Рыга
Катэгорыя·Універсітэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1992 годзе
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы з латышскай мовай навучання