wd wp Пошук:

Кірылаўская царква

Кірылаўская царква і манастыр

Кірылаўская царква, або царква Святых Кірылы і Апанаса Александрыйскага — храм у Кіеве, помнік архітэктуры і манументальнага жывапісу XII, XVII, XIX стагоддзяў.

Гісторыя

Кірылаўская царква пабудавана ў 1139 годзе на далёкай ускраіне старажытнага Кіева — Дарагожычах. Адсюль заснавальнік царквы чарнігаўскі князь Усевалад Ольгавіч у 1139 годзе ўзяў штурмам Кіеў падчас міжусобнай барацьбы за кіеўскі сталец. Храм названы ў гонар святога Кірылы (гэта імя атрымаў у хрышчэнні князь Усевалад). Для прадстаўнікоў дынастыі Ольгавічаў храм быў загараднай рэзідэнцыяй і фамільнай пахавальняй. У 1194 годзе ў храме пахаваны кіеўскі князь Святаслаў — герой «Слова пра паход Ігаравы».

У будынку праглядаюцца рысы чарнігаўскай архітэктурнай школы. Кірылаўская царква мела тры апсіды, шэсць слупоў і хоры. Лесвіцу на хоры размясцілі ў тоўшчы сцяны без пабудовы асобных бакавых вежаў. Падлогу выклалі керамічнай пліткай, зрабілі фрэскавы роспіс, рэшткі якога захаваліся.

Архітэктура

Архітэктура Кірылаўскай царквы добра захавалася з XII ст. Перабудовы XVII—XVIII ст. праявіліся ў перакладцы часткі скляпенняў, узвядзенні чатырох бакавых купалаў, пышнага франтона над уваходам, афармленні вокнаў і парталаў ляпным дэкорам. Старажытнае закамарнае пакрыццё не захавалася. Сцены звонку, магчыма, былі атынкаваны, адхоны вокнаў і парталы ўпрыгожвалі фрэскавыя размалёўкі.

Цэнтральныя падкупальныя прасторы храма — высокія, свабодныя, добра асветленыя, з хорамі ў заходняй частцы — кантраставала з астатнімі памяшканнямі: паўцёмным нартэксам з нішамі-аркасоліямі для магільняў, хрысцільнай, вузкай лесвіцай на хоры ў тоўшчы паўночнай сцяны. Асаблівасцю храма былі маленькія бакавыя хоры перад паўднёвай апсідай, куды вяла лесвіца ў тоўшчы сцяны алтара.

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Помнікі старажытнарускай архітэктуры
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Славутасці Кіева
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Праваслаўныя храмы Кіева