wd wp Пошук:

Крывая вежа ў Торуні

Крывая вежа ў Торуні — сярэднявечная абаронная вежа, назва якой узнікла з-за яе значнага адхілення ад вертыкалі. Аб’ект размешчаны на тэрыторыі Старога горада Торуні на вуліцы Пад Падаючай вежай 1.

Гісторыя

Вежа была пабудаваная ў другой палове XIII стагоддзя як элемент абароннай сістэмы горада. Яе вышыня складала 15 метраў. Праз адтуліну ў бакавой сцяне праходзіў мост для аховы, які спалучаў вежу з гарадскімі мурамі. Боепрыпасы ў вежу дастаўляліся з тыльнага боку, дзе вежа не мела сцяны.

Ужо ў сярэднявеччы грунт, на якім была пабудаваная вежа, пачаў ссоўвацца пад яе цяжарам. У выніку вежа пачала нахіляцца, пакуль яе фундамент не абапёрся на больш цвёрдую аснову.

У канцы 2006 і пачатку 2007 гадоў нахіл вежы складаў больш за 5°, адхіленне верхняй часткі вежы ад вертыкалі складала больш за 146 см.

У XVIII стагоддзі вежа перастала выконваць абарончую функцыю. Менавіта тады была дабудаваная ейная чацвёртая сценка, і аб’ект быў ператвораны ў турму для жанчын. У XIX стагоддзі ў вежы размяшчалася кузня і жыллё збройніка, а ў другой палове гэтага стагоддзя, яна была цалкам аддадзеная на жыллёвыя патрэбы.

У 1960-я гады аб’ект стаў сядзібай некалькіх культурных асацыяцый. У 1970-х і 1980-х гадах тут размяшчаўся філіял Польскай асацыяцыі джазу і Куяўска-Паморскае культурнае таварыства. У вежы быў таксама адкрыты сувенірны шапік і кавярня. Сёння вежа выконвае культурніцкія функцыі і з’яўляецца адным з найбольш адметных аб’ектаў торуньскага Старога горада[1].

Зноскі

  1. Падаючая вежа ў Торуні (ФОТА)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Славутасці Торуні
Катэгорыя·З’явіліся ў XIII стагоддзі
Катэгорыя·Вежы Польшчы
Катэгорыя·Нахільныя вежы