wd wp Пошук:

Карын Брансель

Карын Марыя Брансель (швед. Karin Maria Branzell: 24 верасня 1891, Стакгольм — 14 снежня 1974, Альтадэна) — шведская оперная спявачка (кантральта, па іншых крыніцах — мецца-сапрана) і музычны педагог. На працягу многіх гадоў была салісткай Метраполітэн-опера. Вядомая партыямі ў операх Вагнера.

Біяграфія

Карын Брансель нарадзілася ў 1891 годзе ў Стакгольме, у сям’і арганіста. З 1909 па 1913 год працавала арганісткай у Стакгольме; вучылася спевам ў Тэклы Хофер, пластыцы і драматычнаму мастацтву — у Элісабет Ёртберг. Упершыню выступіла на сцэне Каралеўскай оперы ў Стакгольме ў 1912 годзе, а з 1913 па 1918 год была яе салісткай. З 1918 па 1923 год яна спявала ў Берлінскай дзяржаўнай оперы, дзе прыняла ўдзел у мясцовай прэм’еры «Жанчыны без ценю» Рыхарда Штраўса, пад кіраўніцтвам самога кампазітара. У 1924 годзе адбыўся яе дэбют у Метраполітэн-опера ў Нью-Ёрку, у партыі Фрыкі ў «Валькірыі». У 1935—1938 гадах была салісткай лонданскага тэатра «Ковент-Гардэн». Гастралявала ў Мюнхене, Буэнас-Айрэсе, Фларэнцыі, Цюрыху, Парыжы, Мілане і іншых гарадах; ў 1930 і 1931 гадах ўдзельнічала ў Байройцкіх фестывалях.

У найбольшай ступені імя Карын Брансель звязана з Метраполітэн-опера, дзе яна спявала з 1924 па 1942 год, ў 1944 і ў 1951—1952 гадах. Перш за ўсё яна вядомая як выканаўца партый у операх Вагнера, сярод якіх былі Ортруда («Лоэнгрын»), Брангена («Трыстан і Ізольда»), Фрыка («Пярсцёнак Нібелунгаў») і інш. Надзвычай шырокі дыяпазон дазваляў ёй таксама выконваць сапранавую партыю Брунгільды ў «Валькірыі». Сярод іншых партый — Амнерыс, Азучэна («Аіда», «Трубадур» Вердзі), Ірадыяда, Клітэмнестра («Саламея», «Электра» Р. Штрауса), Удава вартаўніка («Енуфа» Яначэка), Лаура («Джаконда» Панк’елі) і інш.

У 1932 годзе Брансель была ўзнагароджана шведскім Медалём літаратуры і мастацтваў. У 1936 годзе атрымала званне прыдворнай спявачкі. У 1937 годзе стала членам Шведскай музычнай акадэміі. З 1946 па 1950 год выкладала ў Джульярдскай школе ў Нью-Ёрку, з 1952 па 1958 — там жа ў школе Адэльфі.

У апошнія гады жыцця спявачка жыла ў Каліфорніі. Памерла ў сваім доме ў Альтадэне 14 снежня 1974 года.

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #128879963 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 5 мая 2014.
  2. Karin M Branzell-Eduardsen — 1917.
  3. 1 2 Karin Maria Branzell 1891-09-24 — 1974-12-14 Organist, operasångare, sångpedagog Праверана 14 студзеня 2021.
  4. Karin Branzel Праверана 14 студзеня 2021.
  5. Karin M Branzell-Eduardsen // Svenskt biografiskt lexikon, Dictionnaire biographique suédois, Dictionary of Swedish National Biography, Ruotsin kansallisbiografia — 1917. Праверана 9 кастрычніка 2017.
Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Памерлі ў Каліфорніі
Катэгорыя·Памерлі ў 1974 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1891 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 верасня
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Швецыі
Катэгорыя·Памерлі 14 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Мецца-сапрана