Карская вобласць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Расійскай імперыі (1878—1917 гг.) у паўднёва-заходняй частцы Закаўказзя. На поўначы межавала з Кутаіскай і Тыфліскай губернямі, на ўсходзе — з Эрыванскай губерняй, на поўдні — з Эрзерумскім вілаетам Асманскай імперыі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Карс.
Сёння на былой тэрыторыі Карскай вобласці знаходзіцца тры турэцкія правінцыі (ілы): Карс, Эрзурум і Ардахан.
Плошча — 16 473 кв. вёрстаў, ці 18 646,6 кв. км.
Рэльеф галоўным чынам гарысты; нізінныя толькі даліны рэк Аракса, Карс-чаю і інш. Горы (6—10 т. футаў) утвараюць плато, пакрытыя пашамі. Глеба ўрадлівая, бясплодныя камяністыя прасторы нязначныя.
Рэкі прыналежаць басейнам Куры, Аракса і Чароха, з іх найболей значная — Аракс (у вобласці каля 140 вёрстаў), з азёр самае вялікае — Чалдыр (75 кв. вёрстаў) у паўночнай частцы вобласці на вышыні 6522 футаў.