wd wp Пошук:

Дом Левіна

Дом Левіна — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 14. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Помнік архітэктуры класіцызму.

Гісторыя

У першай палове XIX стагоддзя на тэрыторыі гэтага вялікага зямельнага пляца, які меў складаную канфігурацыю і выходзіў як на вуліцу Койданаўскую, так і на вуліцу Феліцыянаўскую (пасля 1866 года Багадзельную), сфарміраваўся комплекс мураваных і драўляных будынкаў[1].

Двухпавярховы мураваны будынак у стылі класіцызму, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны падмуркі і перакрытыя скляпеннямі падвальныя памяшканні мураванага будынка XVIII стагоддзя. У сярэдзіне XIX стагоддзя гэты дом на Койданаўскай вуліцы належаў мінскім мяшчанам Левіным[1].

Менавіта ў доме Левіна ў 1850-я гады пасяліўся класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На гэты адрас у 1852 годзе, перад прэм’ерай першай беларускай нацыянальнай оперы «Ідылія», ён прасіў пераслаць з Вільні значную колькасць накладу свайго лібрэта[1].

Будынак пацярпеў у час вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены і цалкам захаваў свой першапачатковы архітэктурны выгляд. Гэта быў П-падобны ў плане двухпавярховы дом, накрыты складаным па канфігурацыі дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на 2 ярусы прафіляванай цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай лучковых аконных праёмаў. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай размяшчаўся балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Вокны другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Абапал балконных дзвярэй былі змешчаны калонкі з капітэлямі[1].

Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзіліся мануфактурныя крамы, а ў двары некалькі майстэрняў, у тым ліку медналіцейная, шавецкая і кравецкая майстэрні[1].

Пасля 1920 года будынак Левіна нацыяналізаваны, большасць памяшканняў перароблена пад камунальныя кватэры[1].

У часы Другой сусветнай вайны не пацярпеў. У выніку шматлікіх пасляваенных рамонтаў была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка. У другой палове XX стагоддзя былы дом Левіна выкарыстоўваўся пад розныя ўстановы. У 1970 годзе тут размясцілася рэдакцыя часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»[1].

Архітэктура

Галоўны фасад
Дом у забудове вуліцы

Шчыльна прымыкае да дома № 12. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтральнай частцы вялікі прамавугольны арачны праезд, над якім навісае балкон, што аб’ядноўвае 2 дзвярныя праёмы, абрамленыя паўкалонкамі. Плоскасць сцяны расчлянёна простым карнізам, лучковымі аконнымі праёмамі. Пад дахам праходзіць развіты карніз[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 БУДЫНАК №14 ДОМ ЛЕВІНА. У ГЭТЫМ ДОМЕ ЖЫЎ ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ
  2. 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1988.— 333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Збудаванні Мінска ў стылі класіцызм
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·XIX стагоддзе ў Мінску
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Рэвалюцыйная вуліца (Мінск)
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Мінска
Катэгорыя·З’явіліся ў XIX стагоддзі