wd wp Пошук:

Дом Калодных

Дом Калодных — будынак у гістарычным цэнтры Пінска, размешчаны па адрасе вуліца Леніна, 5.

Гісторыя

Дом пабудаваны не пазней за 1850 года з элементамі класіцызму па «узорным праекце» — тыпавым праекце, што распрацоўваліся серыямі альбомаў чарцяжоў будаўнічым камітэтам Пецярбурга і выдаваліся з 1820 года[1].

Паводле звестак гісторыка архітэктуры С. Адамовіч, дом першапачаткова быў аднапавярховым. Ён належаў Нехему Калоднаму, купцу 2 гільдыі, які «жыве і трымае крамы ва ўласным доме, дзе прадаецца жалеза і вырабы з яго». Значныя памеры і аб’ём будынка, наяўнасць глыбокіх і трывалых сутарэнняў, дазволілі Калоднаму ў 1890-х гадах дабудаваць Калоднаму другі паверх. Амаль адначасова быў прыбудаваны мураваны двухпавярховы флігель, верхні паверх якога быў жылым, а ніжні прызначаўся для «складоў тавараў»[1].

Калодныя займаліся гандлем жалезам і жалезнаскабянымі вырабамі. У іх краме можна было знайсці ўсё: ад цвіка да жалезных печаў-буржуек[1].

У 1904 годзе дом перайшоў ва ўласнасць сыноў Нехема — Лейбы, Аўсея і Пінхуса. У гэты перыяд быў зроблены дадатковы ўваход, павялічаны працоўная і карысная плошча, зроблена двухпавярховая прыбудова з боку дваровага фасада. З пачатку 20 стагоддзя ў будынку размясцілася гасцініца «Парыж». У ёй у верасні 1920 года знаходзіўся штаб 4-й арміі Заходняга фронту[ru], рэдакцыя газеты «Воін рэвалюцыі» — органа Рэўваенсавета Чырвонай Арміі[1].

Ад вялікага спусташальнага пажару 1921 года пацярпеў і дом Калодных. У час правядзення аднаўленчых работ мураваны бакавы флігель, які знаходзіўся з заходняга боку асноўнага будынка, быў аб’яднаны агульным фасадам з асноўным. З гэтай прычыны галоўны фасад павялічыўся амаль на траціну[1].

У 1920-1930-я гады ў доме Калодных размяшчаліся камандаванне Пінскага гарнізона і 84-га палка палескіх стралкоў[pl], склад жалеза і мануфактуры Калодных, малочны кааператыў, мануфактурная крама, вяла прыём дантыст Брохля Калодная[1].

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе дом быў нацыяналізаваны. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 годзе ў ім знаходзіўся мяса-малочны тэхнікум, з 1946 года — аблваенкамат, абласная, а пазней і раённая пракуратура (да 1979 года), у 1950—1970 гадах — стаматалагічная паліклініка (на другім паверсе) і крама «Культтавары», сталовая № 1 і крама гархарчгандлю, у 1980-х гадах — трэст сталовых і рэстаранаў[1].

Цяпер у доме Калодных размяшчаецца аптэка, крама адзення, а другі паверх займаюць офісы розных фірм[1].

Архітэктура

Выцягнуты ўздоўж вуліцы двухпавярховы аб’ём у плане блізкі да прамавугольніка. Будынак мае калідорную сістэму планіроўкі з выхадам у двор і лесвіцай на 2-і паверх[2]. У строгай кампазіцыі і форме пабудовы калідорнай планіроўкі, кампактнасці аб’ёмаў, унутранай прастаце будынка, строгім і стрыманым архітэктурным дэкоры заўважныя рысы класіцызму[1].

Пасля надбудовы другога паверха ў канцы XIX стагоддзя вялікую шкоду індывідуальнасці будынка нанёс адыход ад «правільнасці» пабудовы фасада, які праявіўся ў скажэнні прапорцый, парушэнні восевай кампазіцыі, суадносін вокнаў і міжаконняў. Шматлікія пасляваенныя перабудовы звялі амаль на нішто яго мастацкія вартасці, пагоршылі архітэктурнае аблічча — быў страчаны атык, зменена расшыўка аконных праёмаў першага і другога паверхаў. З яго дэкаратыўнага афармлення захаваліся міжпаверхавы прафіляваны паясок і ажурныя балконныя агароджы[1].

Неабгрунтаванае рашэнне мясцовых уладаў аб зносе у 1980 годзе дамоў № 1 і № 3, якія складалі разам з домам Калодных адзіную кампазіцыю, прывяло да парушэння гістарычнай планіровачнай структуры ў межах гістарычнага цэнтра горада[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Дом Колодных (ул. Ленина,5)
  2. А. М. Кулагін. 1212. Забудова вуліцы Леніна // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — С. 284. — 368 с., іл.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Збудаванні Пінска ў стылі класіцызм
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый
Катэгорыя·Вуліца Леніна (Пінск)
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Пінска
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Гістарычны цэнтр Пінска
Катэгорыя·З’явіліся ў 1850 годзе