wd wp Пошук:

Даўгахвостая кугакаўка

Даўгахвостая кугакаўка

Даўгахвостая кугакаўка, даўгахвостая няясыць (Strix uralensis) — птушка сямейства савіных (Strigidae). Від Strix uralensis падзяляецца (залежыць таксама ад існуючых класіфікацый, універсальнай класіфікацыі пакуль не існуе) на 15 падвідаў, два падвіды, Strix uralensis liturata і Strix uralensis macroura гняздзяцца таксама ў Цэнтральнай Еўропе. Занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[1].

Апісанне

Буйная сава (даўжыня цела 50-60 см, маса 680—980 г, размах крылаў 115—140 см) з доўгім (26-30 см) паласатым хвастом. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіннога боку вохрыстае з густымі цёмнымі падоўжнымі стракацінамі, брушнога — белае з бурымі падоўжнымі плямамі. Тваравы дыск светла-шэры, з бакоў і знізу аблямаваны вузкай палосай з дробных серабрыста-белых пёрак. Першарадныя махавыя цёмна-бурыя з светлымі папярочнымі палоскамі. Дзюба жоўтая, радужына цёмна-карычневая, кіпцюры чорныя. Апярэнне ног белаватае або вохрыстае, даходзіць да кіпцюроў.

Пашырэнне

Арэал разарваны: паўночны ўсход Еўропы (акрамя крайняй поўначы), iдзе шырокім поясам праз Азію да Сахаліна і Японіі ўключна, а таксама Карпаты і Дынарскія горы, паўднёвы Кітай. На Беларусі рэдкі, распаўсюджаны ў паўночнай палове краіны аселы від.

Насяляе спелыя, старыя хваёвыя або змяшаныя дрэвастоі (рэдка лісцевыя) са слаба развітым падлескам. Звычайна засяляе нізіны, але ў Славакіі даходзіць да 850 м, у Румыніі — да 1600 м над у.м.

Галоўным чынам аселая і качуючая птушкі. Месцы зімовак у межах гнездавога арэала, а таксама на поўдзень ад яго ў Цэнтрадьнай Азіі.

Асаблівасці біялогіі

Манагам. Гнездавыя ўчасткі пастаянныя на працягу многіх гадоў. Такаванне пачынаецца ў першыя дні сакавіка, найбольш актыўнае — у канцы сакавіка — першай палове красавіка. Гняздуецца ў дупле, у спарахнелых ствалах, гнездавых скрынках (таксама напалавіну адкрытых), у глыбі лесу, часам займае гнёзды вялікіх птушак, галоўным чынам драпежных або вранавых, можа займаць гнёзды вавёрак). У выключных выпадках селіцца ў будынках, на зямлі або скалах. Гняздо без высцілкі.

Кладка з 2-4 (часам 1-6) яек у красавіку. Яйкі памерамі 50 x 42 мм, з аднолькавымі тупымі канцамі, авальныя, амаль акруглыя, белыя, бліскучыя. Наседжванне 28 сутак, пачынаючы з першага знесенага яйка. Птушаняты пакідаюць гняздо ў канцы траўня. Лётны маладняк ў сярэдзіне ліпеня. Корміць птушанят самец. Дарослыя птушкі кормяцца мышападобнымі грызунамі, землярыйкамі, радзей птушкамі. У паслягнездавы перыяд шырока вандруе.

Зноскі

  1. Красная книга Республики Беларусь. Длиннохвостая неясыть Архівавана 4 сакавіка 2016.(руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Савіныя
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі