wd wp Пошук:

Дамавы сыч

Дамавы сыч або Сіпель[1] (Athene noctua) — птушка роду сычы сямейства савіныя.

Апісанне

Дробная сава, даўжыня цела 21-27 см, размах крылаў 54-60 см, маса 150—210 г. Самцы і самкі афарбаваныя аднолькава: спінны бок светла-буры, з белаватымі стракацінамі, брушны — белы з бураватымі падоўжнымі плямамі.

Птушка з прысадзістым сілуэтам, параўнальна вялiкай галавой, якая з-за формы «тварнага дыска» выглядае прыплюшчанай. Хвост кароткi, вочы жоўтыя з белымi «брывамi». Актыўны таксама i ўдзень. Калі падпільноўвае здабычу, робіць прысяданні і нахілы. Паварочвае галаву да 180°. Палёт хвалiсты.

Пашырэнне

Распаўсюджаны ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе, Азіі (выключаючы Паўночную), Паўночнай Афрыцы і ад Эфіопіі да Самалі. У Еўразіі жыве на поўдзень ад Латвіі, Маскоўскай і Арэнбургскай абласцей, Паўночнага Казахстана, Паўднёвага Алтая і Забайкалля. На Беларусі трапляецца рэдка, пераважна на поўдні.

Насяляе разнародныя адкрытыя ландшафты ад лесастэпаў і гор да пустынь. Перавагу аддае культурнаму ландшафту. Імкнецца жыць у населеных пунктах і гаспадарчых пабудовах, размешчаных на адкрытых прасторах. Пазбягае густых лясоў, моцна зарослых тэрыторый, балот і адкрытых палёў.

Асаблівасці біялогіі

Сілкуецца дробнымі грызунамі, насякомымі, радзей птушкамі.

Вядзе аселы спосаб жыцця. Манагам. Гняздуецца адзіночнымі парамі на гарышчах, пад карнізамі жылых і гаспадарчых пабудоў, у дуплах, а таксама ў штучных гняздоўях.

Пачатак адкладкі яек — другая палова красавіка. У кладцы 4-5 яек памерамі 34,6 x 29,1 мм. Наседжванне працягваецца 26-29 сутак. Корміцца мышападобнымі грызунамі, насякомымі, часам дробнымі птушкамі.

Літаратура

Зноскі

  1. Варыянты напісання ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.15., Мн., 2002, С.325.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1769 годзе
Катэгорыя·Савіныя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта