Віленская мячэць — колішні магаметанскі храм у Вільні.
Пабудавана мусульманамі-татарамі, паселенымі вялікім князем літоўскім Вітаўтам ў прадмесці Вільні Лукішкі, відаць, у канцы XIV—пач. XV стст. Упершыню ўпамінаецца ў творы «Рысале-і-Татары-Лех» («Трактат аб татарах Польшчы») 1558 года, напісаным невядомым аўтарам — татарынам з Вялікага Княства Літоўскага, у шэрагу інш. драўляных мячэцяў. Невядомы польскі падарожнік у 1581 годзе адзначыў, што ў Віленскай мячэці ніякіх выяў не было, падлога заслана каляровымі дыванамі. Побач з мячэццю распалагаліся татарскія могілкі.
Паводле апісанняў сярэдзіны XIX ст., Віленская мячэць была квадратнай у плане, спераду мела навес на слупах, накрыты стромкім дахам з маленькім мінарэтам па цэнтру. Пасля некалькі разоў перабудоўвалася.
У пачатку XX ст. планавалася пабудаваць мураваны будынак мячэці, аднак гэта не ўдалося з-за пачатку Першай сусветнай вайны. Пасля Другой сусветнай вайны мячэць разбурана па загаду савецкіх ўладаў.