Гл. таксама: Алія, рэпатрыяцыя ў Ізраіль і Яўрэйскія бежанцы Выхад яўрэяў з мусульманскіх (галоўным чынам арабскіх) краін — масавая эміграцыя яўрэяў з арабскіх і іншых мусульманскіх краін ў XX стагоддзі. Рэпатрыяцыя яўрэяў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі ў Краіну Ізраіля пачалася яшчэ ў канцы XIX стагоддзя і стала масавай пасля ўтварэння Дзяржавы Ізраіль і вайны Ізраіля за незалежнасць (1948). Каталізатарамі міграцыі сталі таксама масавыя яўрэйскія пагромы 1940-х гадоў у буйных арабскіх гарадах (у Багдадзе, Каіры, Адэне, Трыпалі, Манаме, Алепа і шэрагу іншых гарадоў).
У перыяд з 1948 па пачатак 1970-х гадоў з арабскіх краін эмігравалі добраахвотна, беглі ці былі выгнаны ад 800 тыс. да 1 млн яўрэяў. З іх 260 тыс. дасягнулі Ізраіля ў перыяд 1948—1951 гадоў, і яшчэ 600 тыс. да 1972 годзе[1][2][3] Ліван быў адзінай арабскай краінай, яўрэйскае насельніцтва якой пасля 1948 года павялічылася, паколькі ён быў прамежкавым пунктам на шляху яўрэйскай міграцыі ў Ізраіль[4]. Аднак да 1970-х гадоў у выніку грамадзянскай вайны ў Ліване яўрэйскае насельніцтва гэтай краіны таксама істотна паменшылася. Да 2002 года выхадцы з арабскіх краін і іх нашчадкі складалі 41 % насельніцтва Ізраіля[3].