wd wp Пошук:

Васіль Любіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Любіч. Васіль (Васка, Васілец) Любіч (узг. 1448 — пасля 27.2.1477 да 25.3.1496) — дзяк гаспадарскі за часам Казіміра Ягелончыка. Староста любецкі (1477—1483).

Пра бацьку пісара Васіля Любіча — Люба, вядома толькі, што пры Жыгімонту Кейстутавічы трымаў, а мусіць і атрымаў, зямлю «Іванісаўскую» (або «Іванкаўшчыну») на поўнач ад Менска паміж рэкамі Цной і Вячай — левымі прытокамі Свіслачы.[1]

У літаратуры Васька Любіч часта памылкова атаясняюць з пісарам Васькам Паўлавічам (1448) — бацькам пісара Нікольскага Васілевіча. Найранейшы ўспамін «Васільца Меняніна Любіча» датаваны 12 індыктам (верасень 1448 — жнівень 1449), тады ён называны дзякам, але ў астатніх дакументах выступае пісарам. Пэўна вядома 5 дакументаў падрыхтаваных Васілём, якія захаваліся як запісы ў Кнізе данін Казіміра, ён падпісваўся «Васко» або «Васко, пис(арь)». Напэўна, падрыхтаваных ім дакументаў было болей. Восенню 1455 года знаходзіўся пры вял.кн. Казіміры ў Познані. У верасні 1474 года быў пісарам вялікалітоўскага пасольства Б. А. Саковіча ў Маскву.[2]

За службу атрымаў ад Казіміра шэраг уладанняў у Менскім, Ашмянскім і Клецкім паветах[3]. Большасць з іх напэўна давалася «да жывата» або «да волі гаспадарскай». Так у канцы 1440-х — 1450-х гадах В. Любіч атрымаў пад Менскам уладанні, якія перад тым трымалі пісар Іван Кушлейка і нейкі Сак. У 1473 годзе вял. кн. Казімір даў яму сяло і двух «людзей» у Менскім павеце, якіх раней трымаў памерлы кн. Яўлашка Цяляціна[4]. Таксама В. Любіч купляў маёнткі, у канцы 1450-х — 1470-х «зямліцу» пад Менскам ва ўдавы Івана Кушлейкі[5], у 1477 годзе Тарасаў пад Менскам у Івана Іллініча[6] і інш.

Вядома, што Васька Любіч перадаў вялікую бортную зямлю паблізу Менска, паміж Лагойскай і Камароўскай дарогамі ў раёне пазнейшага сяла Вялікая Слепня, менскаму Узнясенскаму манастыру.[7]

Памёр паміж 27 лютым 1477 і 25 сакавіком 1496 года[8]. Пляменнік Васіля Любіча — Пятрашка Фамініч Любіч, па бяздзетнай смерці дзядзькі атрымаў «па блізкасці» яго купленыя маёнткі і пэўную частку трыманняў ад гаспадара[9].

Зноскі

  1. Груша А. Ваколіцы… С. 60.
  2. Груша А. Ваколіцы… С. 69.
  3. Груша А. Ваколіцы… С. 69.
  4. Wolff J. Kniaziowie… S. 157.
  5. Груша А. Ваколіцы… С. 61-62.
  6. Насевіч В. Iллінічы…
  7. Груша А. Ваколіцы… С. 65-66.
  8. Груша А. Ваколіцы… С. 69.
  9. Груша А. Ваколіцы… С. 72.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Памерлі ў 1477 годзе
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Старосты любецкія
Катэгорыя·Дзякі гаспадарскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы