wd wp Пошук:

Бітва пры Шальцы

Бітва пры Шальцы — марская бітва ў часе вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1611 гадоў, якая адбылася ў ноч з 23 на 24 сакавіка 1609 года каля порта Шалец (цяпер Салацгрыва, Латвія).

Перадгісторыя

Пасля ўзяцця Парнавы войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча выйшлі на Рыгу, пад якой з 8-тысячным дэсантам высадзіўся Іаахім Фрыдрых фон Мансфельд. Падчас дарогі да гетмана дайшла інфармацыя аб тым, што ў Шальцы знаходзіцца шведская эскадра, якая блакавала Рыгу з мора, і вораг не чакаў удару. Было прынята рашэнне скарыстацца гэтай магчымасцю[1].

Ход падзей

Адзіным шанцам Хадкевіча было заспець знянацку саслабленых шведаў, якія, пануючы на Балтыйскім моры, не неслі вартавую службу належным чынам; у адкрытым марскім баі ў яго не было ніякіх шанцаў. Да здабытых у Парнаве караблёў вялікі гетман літоўскі набыў некалькі англійскіх і галандскіх барак, нагрузіў іх порахам, а на пяць караблёў пасадзіў пяхоту. Інфлянцы, якія раней прымусова служылі ў шведскім флоце і перайшлі на бок Вялікага Княства Літоўскага[1][2].

Уначы з 23 на 24 сакавіка 1609 года ўдала скіравалі 4 брандары, ад якіх загарэліся і пайшлі на дно 2 шведскія караблі, якія стаялі на якары ў порце Шальца. Астатняя эскадра, абстраляная з гармат і мушкетаў, ратавалася ў адкрытым моры. Больш марудная флатылія Хадкевіча не стала яе пераследаваць[1].

Вынікі і наступствы

Порт разам з усімі запасамі правізіі і зброі дастаўся Вялікаму Княству Літоўскаму. У Шальцы было пакінута 200 вершнікаў з правізіяй[1]. Перамога каля Шальца і пазбаўленне шведскай эскадры базы аказалі моцны ўплыў на далейшы ход баявых дзеянняў, вымусіўшы шведаў спыніць наступ на Рыгу.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 В. У. Якубаў. Інфлянцкая кампанія войска Вялікага Княства Літоўскага 1608—1609 гадоў(недаступная спасылка)
  2. Podhorodecki, L. Slawni hetmani Rzeczy Pospolitej / L. Podhorodecki. — Warszawa: Moda, 1994. — 560 s., с. 281

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Бітвы ў Латвіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Канфлікты 1609 года
Катэгорыя·Марскія бітвы Швецыі
Катэгорыя·Бітвы Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Марскія бітвы XVII стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Бітвы паводле алфавіта